27 лістапада ўступіў у сілу прэзыдэнцкі ўказ «Аб супрацьдзеяньні допінгу ў спорце». Дакумэнт уводзіць больш жорсткую адказнасьць спартоўцаў, трэнэраў і спартовых фэдэрацый за ўжываньне забароненых прэпаратаў.
Указ надрукаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Яго нормы прадугледжваюць, што абвінавачаных ва ўжываньні допінгу атлетаў абавяжуць вярнуць у бюджэт грошы, атрыманыя за мінулыя дасягненьні. У іншым выпадку сродкі будуць спагнаныя праз суд. Таксама давядзецца вярнуць мэдалі, дзяржаўныя ўзнагароды ды іншыя знакі пашаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўляць дзяржаўных узнагарод і фінансаваньня — Лукашэнка падпісаў антыдопінгавы ўказУ сваю чаргу, фэдэрацыі па відах спорту за сыстэматычнае парушэньне антыдопінгавых правілаў могуць быць пазбаўленыя дзяржпадтрымкі ажно да выключэньня з рэестру Міністэрства спорту на розны тэрмін. Можа быць перагледжанае фінансаваньне і для нацыянальных зборных камандаў.
Акрамя таго, не выключаецца ўвядзеньне крымінальнай адказнасьці як за ўжываньне недазволеных стымулятараў, так і за схіленьне да гэтага спартоўцаў. Указ прадугледжвае больш глыбокую прапрацоўку пытаньня, цяпер яно знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз допінг: Беларусь на другім месцы пасьля Расеі па колькасьці адабраных алімпійскіх мэдалёўПаводле міжнароднай статыстыкі, Беларусь займае другую пазыцыю ў колькасьці алімпійскіх мэдалёў, забраных пасьля завяршэньня Алімпійскіх гульняў за апошнія амаль паўтара дзясятка гадоў. Пачынаючы зь летняй Алімпіяды-2004, беларускія спартоўцы былі пазбаўленыя 11 мэдалёў. Першы радок у сьпісе займае Расея, у спартоўцаў якой праз допінг забралі 42 мэдалі. На трэцім месцы — алімпійцы Ўкраіны, іх пазбавілі 10 узнагарод.