Сузаснавальнік Таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» у Латвіі, кіраўнік аб’яднаньня беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар» Вячка Целеш уганараваны Думай (гарадкой радай) Рыгі.
Мастак і выкладчык атрымаў прыз году ў намінацыі «За шматгадовы ўнёсак у адукацыю», узнагароду ўручыла старшыня Камітэту па адукацыі, культуры і спорту Рыскай Думы Эйжэнія Алдэрманэ.
25 верасьня Вячка Целеш адзначыў 80 год. Да юбілею была прымеркаваная пэрсанальная выстава «Гадоў датыкненьне», якая ахапіла ўвесь пэрыяд ягонай творчасьці — ад студэнцтва да сталасьці.
Целеш быў арганізатарам і дырэктарам першай беларускай школы ў Рызе, быў у Кансультацыйнай радзе пры ўсіх прэзыдэнтах Латвіі, абараняў інтарэсы беларусаў. Ягоныя высілкі адзначаныя найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Латвіі — ордэнам Трох Зорак.
«Я ўсё жыцьцё стаю пад нашым гістарычным сьцягам, гэта галоўнае. Я не крычу пра гэта, не размахваю рукамі; мая мэта — зьяднаць беларусаў на нацыянальным грунце. Так было заўжды. Ніхто не аспрэчыць, што я шмат рабіў і працягваю рабіць на карысьць Бацькаўшчыны», — заявіў мастак у інтэрвію Свабодзе з нагоды свайго юбілею.
Вячка Целеш нарадзіўся 25 верасьня 1938 году ў Красным Сяле (цяпер пасёлак Краснасельскі Ваўкавыскага раёну) Горадзенскага ваяводзтва. Мастак, гісторык, пісьменьнік, сябра Саюзу мастакоў Беларусі і Латвіі.
У 20-гадовым узросьце выправіўся ў Латвію, працаваў сьлесарам, вечарамі наведваў мастацкую студыю. У 1975-м скончыў жывапісна-пэдагагічнае аддзяленьне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пазьней атрымаў ступень магістра мастацтва. Быў дацэнтам катэдры культуры і мастацтва Інстытуту мэнэджмэнту інфармацыйных сыстэмаў у Рызе.
Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Аўтар партрэтаў і эксьлібрысаў беларускіх і латыскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Зоські Верас, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Яніса Райніса.
Адзін з самых вядомых эўрапейскіх філякартыстаў: ягоны альбом «Гарады Беларусі на старых паштоўках» на беларускай і ангельскай мовах вытрымаў некалькі перавыданьняў і прызнаны ўзорам дакумэнтальнага фотамастацтва.