Такую заяву зрабіў на экстраным паседжаньні Рады бясьпекі Арганізацыі аб’яднаных нацый 26 лістапада прадстаўнік Украіны Ўладзімір Ельчанка.
Намесьнік сталага прадстаўніка Расеі ў ААН Дзьмітрый Палянскі назваў гэтую заяву «фантазіяй».
Рада бясьпекі ААН сабралася на экстранае паседжаньне, каб разгледзець сытуацыю з захопам украінскіх караблёў у Керчанскай затоцы.
25 лістапада Расея заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі — «Бярдзянск», «Яны Капу», «Нікапаль» — захопленыя Расеяй у выніку канфлікту ў Азоўскім моры.
Сёньня ж Вярхоўная Рада Ўкраіны разглядае закон аб увядзеньні ваеннага становішча.
26 лістапада прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ «аб надзвычайных мерах забесьпячэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны і ўвядзеньні ваеннага становішча ва Ўкраіне».
Дванаццаты пункт указу Парашэнкі – таемны.
Парашэнка таксама заявіў, што, паводле Канстытуцыі, падтрымоўвае рашэньне вайсковага кабінэту зьвярнуцца да Вярхоўнай Рады з просьбай разгледзіць увядзеньне ваеннага становішча ва Ўкраіне.
Куды плылі ўкраінскія караблі?
Украінскія караблі накіроўваліся з Адэсы ў Марыюпаль, што дазволена ў адпаведнасьці з артыкуламі 17, 38 Канвэнцыі ААН па марскім праве і артыкулам 2 Дагавору паміж Украінай і РФ 2003 году аб супрацоўніцтве ў выкарыстаньні Азоўскага мора і Керчанскай пратокі.
Але караблі сьпярша былі заблякаваныя расейскімі вайсковымі суднамі, Керчанскую пратоку перакрылі сухагрузам, каб яны не змаглі прайсьці. Расея падняла ў паветра зьнішчальнікі і верталёты.
Апроч таго, расейскі карабель «Дон», пайшоў на таран украінскага рэйдавага буксіра, відэа апублікаванае ў інтэрнэце. У выніку буксір быў пашкоджаны і ня змог самастойна рухацца.
Бой у Азоўскім моры
Увечары 25 лістапада расейскія вайсковыя караблі атакавалі ўкраінскія, у выніку чаго былі параненыя 6 украінскіх маракоў, двое зь іх у цяжкім стане. Усяго Расея захапіла больш за 20 украінскіх маракоў.
Украіна рыхтуецца да ваеннага становішча
Ва Ўкраіне зьбіраюцца абвяшчаць ваеннае становішча на 60 дзён, з такой прапановай выступіла Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Гэтае пытаньне парлямэнт Украіны павінен разгледзець увечары 26 лістапада на закрытым паседжаньні, пачатак якога заплянаваны на 16.00. Прапанову падтрымаў прэзыдэнт Пятро Парашэнка.
Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
Што кажуць у Расеі
Расейскі бок распачаў крымінальную справу па факце парушэньня мяжы. Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці праз Керчанскую пратоку незаконна, хоць яшчэ 2 месяцы таму праблемаў з гэтым не ўзьнікала.
Расея зьвінаваціла Ўкраіну ў правакацыі. Масква заяўляе, што праверкі ўкраінскіх суднаў законныя. Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што Ўкраіна выкарыстоўвае напружаную сытуацыю ў Азоўскім моры як падставу для ўзмацненьня міжнароднага ціску на Расею.
Міжнародная рэакцыя
Рада Бясьпекі ААН у панядзелак, 26 лістапада, зьбіраецца на экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве. Шэраг эўрапейскіх краінаў рэзка асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры, аднак рэакцыя Эўразьвязу і NATO пакуль стрыманая.
Перадгісторыя канфлікту
Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. У Кіеве было прынятае рашэньне ўмацаваць вайсковы флёт у Азоўскім моры і перакінуць частку караблёў з Адэсы ў Марыюпаль і Бярдзянск.
А што ад гэтага Беларусі?
На думку вайсковага ээкспэрта Аляксандра Алесіна, любое абвастрэньне паміж Расеяй і Ўкраінай не на карысьць Беларусі.
«Бо абодва бакі запатрабуюць дэманстрацыі падтрымкі, а станавіцца на бок аднаго з бакоў у гэтым канфлікце — значыць ісьці супраць уласных інтарэсаў, несьці рэпутацыйныя ды іншыя страты. Зь беларускага боку я чакаю дыпляматычных захадаў, заклікаў не пашыраць канфлікту, сесьці за стол перамоваў ды іншыя агульныя словы. Калі прагучыць ад Менску міратворчая прапанова, прыкладам стаць пасярэднікам у канфлікце, мяркую, яна ня будзе пачутая, бо на сцэну выйдуць магутныя міжнародныя гульцы — ААН, Эўразьвяз ды іншыя», — мяркуе Аляксандар Алесін.
МЗС Беларусі пакуль не адрэагавала на новы віток канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай.