Падарожжа Зьмітра Бартосіка ў вёску Вясея Слуцкага раёну.
Ліст 50-гадовай даўнасьці
«Добрый день, наши сверстники 2018-го года. Сегодня 29 октября 1968 года Всесоюзному Ленинскому Коммунистическому Союзу Молодёжи исполняется 50 лет. Это много и мало. Сегодня очень хорошая погода. Светит солнце, небо чистое и голубое. В тот день, когда Вы будете читать это письмо, вспомните и подумайте о нашей счастливой жизни, о нашем дне», — гэтак пачынаецца ліст камсамольцаў вёскі Вясея сваім нашчадкам, камсамольцам 2018 году.
Ліст замуравалі ў сьцяне Вясейскай школы ў 1968-м і ўрачыста дасталі на сотую гадавіну ВЛКСМ, напрыканцы кастрычніка 2018-га.
На ўрачыстасьць прыехалі чыноўнікі са Слуцку, прыйшлі камсамольцы 1968-га. Ва ўрачыстай абстаноўцы ліст быў зачытаны ўсім прысутным. Пасьля адбыўся канцэрт камсамольскіх песень — усё прайшло так, як быццам час застыў на 1968 годзе. Цяпер гэтае пісьмо ляжыць у школьным музэі. Настаўніцы далі мне яго пачытаць.
«Нам гэтага не зразумець. Тое, што яны пісалі будучым камсамольцам. Такога ўжо няма. Яны настолькі напісалі патрыятычна. Вельмі добра», — кажа настаўніца.
Сёньняшнія настаўніцы ня могуць зразумець патрыятычнага стылю раньняга брэжневізму. Сапраўды, зразумець сэнс пасланьня немагчыма. Бо гэты тэкст — просты набор ідэалягічных штампаў, да таго ж непісьменна расстаўленых.
І гэта робіць пісьмо эпісталярным помнікам эпохі:
«Родина! Мы крепим и умножаем твоё величие вдохновенным трудом, кипучей энергией молодости созидать будущее. Мужеством первых палаток, трудовой доблестью, комсомольской честью мы отдаем свои силы во славу и могущество нашей Отчизны. Безмолвием Хиросимы и набатом Вьетнама, именем дружбы и солидарности мы неустанно будем бороться за правое дело трудящихся».
Думалі, што ў 2018-м будзе камунізм
Знайсьці ў краявідзе прыкметы таго, што мы знаходзімся ўсё ж у Беларусі, а не ў Савецкім Саюзе, можна. Перад школай ляжыць камень з шыльдай у гонар стагодзьдзя Вясейскай школы. Зь вершам, прысьвечаным школе і напісаным па-беларуску.
Верш напісаў са сваёй ініцыятывы Леанід Карцель, колішні энэргетык мясцовай гаспадаркі, а цяпер прадпрымальнік. Леанід браў удзел у выманьні той капсулы часу.
— Гэта было ня сумна. Тая дзяўчынка, якая ў 68-м годзе закладала гэтае пісьмо, яна ж яго і зачытвала. Ужо жанчынай праз 50 гадоў. Вядома, у тым пісьме было ідэалёгіі шмат. Але і расказвалі пра школу. Хто добра вучыцца. Імёны называлі.
«Наше поколение никогда не свернет с ленинского пути. Каждым ударом сердца, каждым прожитым днем, всей жизнью своей мы будем утверждать на земле коммунизм. Вы, комсомольцы 2018 года, наверняка уже будете жить при коммунизме!»
— Тут, вядома, народ пасьмяяўся. Гэта нармальная рэакцыя. Але ж напісалі «напэўна». Ідэалёгія душыла, але ж пэўнасьці не было, што будзе той камунізм.
Любоў, камсамол і Сянцоў
Случчына — загадкавы край. У случаках няма нейкай чорна-белай апантанасьці. Тутэйшыя нашчадкі слуцкіх паўстанцаў, беларускамоўныя і эўрапейскія, з радасьцю сьпяваюць савецкія песьні. А савецкія калгасьнікі заўжды гатовыя нешта сказаць па-беларуску. Таму я зусім не зьдзівіўся, калі даведаўся, што ў гэтай самай школе, дзе гэтак шануюць камсамольскія традыцыі, дзеці напісалі сачыненьні па прозе Алега Сянцова, які цяпер за кратамі ў Расеі. Прычым я знаў Сянцова як палітвязьня і рэжысэра, але пра ягоную прозу даведаўся толькі ў Вясеі. Летам сёлета расейская служба Радыё Свабода арганізавала мастацкую акцыю падтрымкі. Вядомыя акторы і рэжысэры чыталі апавяданьні Сянцова. Атрымалася некалькі цікавых літаратурных ролікаў на Youtube.
Адно з апавяданьняў, «Сабака», што прачыталі Андрэй Зьвягінцаў, Сьвятлана Каманіна ды Лія Ахеджакава, упадабаў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вячаслаў Гушчын. Мужчына немалады, але, мяркуючы па бляску ў вачах і эмацыйнасьці, зь якой ён гаворыць, свайго пэдагагічнага імпэту ён ня страціў.
— У мяне ў праграме дзьве гадзіны на разьвіцьцё мовы і літаратуры. На працу з тэкстам. Я магу проста тупа ўстаць перад клясам і нешта прачытаць. Пішыце. Каму гэта трэба? Дый дзеці будуць цябе ненавідзець пасьля гэтага. Які ж ты творчы настаўнік, калі ты тупа пачынаеш нешта пераказваць? А так расказаў дзецям пра трагічныя падзеі на Данбасе. А што такое Расейская імпэрыя, дзеці па Караткевічу добра ведаюць. І пачынаеш зьвязваць. А для дзяцей, якія больш-менш падрыхтаваныя, для іх зьвязаць гэта ўсё — няцяжкая справа. А потым пачынаецца размова пра творчасьць Алега Сянцова. І пра яго апавяданьне «Сабака». Як Ахеджакава гэта падае! Цудоўна! Што літаратура павінна рабіць? Першае, выхоўваць. Ды, мабыць, і апошняе.
Аўтарку найлепшага сачыненьня па апавяданьні Алега Сянцова мы сустрэлі проста на вуліцы.
— Я вельмі была ўражаная, як аўтар апісаў усе пачуцьці, усе свае перажываньні, калі памёр ягоны бацька. Які паміраў сябар галоўнага героя.
Тое, што Вячаслаў на сваім месцы, гэта зразумела. А чаго трэба баяцца людзям, якія хочуць стаць настаўнікамі?
— Трэба баяцца нізкай зарплаты. Трэба баяцца засільля расейскіх імпэрыялаў. Усё на расейскай мове. Усе сцэнары. Усе вечарыны.
Новае пасланьне — лістом і ў флэшцы
А ў тую дзюру ў школьнай сьцяне заклалі новае пасланьне. Ужо не да камсамольцаў і не да сябраў БРСМ. А проста да вучняў, якія ў 2062 годзе будуць спраўляць 150-годзьдзе школы. Калі, вядома, такія вучні праз паўстагодзьдзя будуць. Напісанае яно не па-беларуску. А галоўнаму вясейскаму сьпеваку Леаніду Карцелю раптам адкрыўся сэнс старой камсамольскай песьні.
— Заклалі пісьмо новае і флэшку. Потым быў канцэрт, дзе сьпявалі камсамольскія песьні. Прычым сьпявалі ад душы. «Я в мир удивительный этот пришёл отваге и правде учиться. Единственный друг, дорогой комсомол, ты можешь на нас положиться». Калі задумацца, які ж тупы тэкст. Чаму ж ён адзіны друг? Няўжо такія дэбілы, што ўжо сяброў больш не было? Адзіны друг — гэта камсамол?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьміцер Бартосік: Менскаму гарадавому няма да каго пайсьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не расстанусь с комсомолом»