Спынілі крымінальны перасьлед журналістак БелаПАН і Tut.by

Тацяна Каравянкова ля Сьледчага камітэту, 6 лістапада

Сьледчы камітэт Беларусі 26 лістапада спыніў крымінальную справу супраць журналісткі Тацяны Каравянковай і рэдактаркі Tut.by Ульяны Бабаед. Іх абвінавачвалі ў несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі БелТА.

Каравянкова паведаміла Свабодзе, што цяпер мае статус сьведкі.

Чаму спынілі?

СК выстаўляў Каравянковай суму для кампэнсацыі каля 4600 рублёў. Сума, выстаўленая Бабаед, не называлася. Акрамя кампэнсацыі, кожная журналістка сплаціла штраф 735 рублёў — максымальную суму, прадугледжаную арт. 86 КК для пераводу крымінальнай адказнасьці ў адміністратыўную.

22 лістапада стала вядома пра спыненьне крымінальнага перасьледу карэспандэнта Deutsche Welle ў Беларусі Паўлюка Быкоўскага і галоўнага рэдактара Realt.by Уладзіслава Кулецкага.

Вядома, што сярод абвінавачаных у «справе БелТА» застаюцца:

  • 8 журналістаў Tut.by, уключна з галоўнай рэдактаркай Марынай Золатавай;
  • галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына;
  • рэдактар сайту газэты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.