Вызначыць птушку, якая сустрэлася вам у прыродзе, цяпер будзе лягчэй.
Грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) выпусьціла першы мабільны вызначальнік птушак Беларусі «Ptushki — Определитель птиц Беларуси».
Калі вы ўбачылі і добра запомнілі птушку ці ў вас атрымалася яе сфатаграфаваць — адкрывайце мабільны вызначальнік і абірайце з прапанаваных відавочныя параметры: месца і сэзон назіраньня, адносныя памеры птушкі, колеры апярэньня і ног, форму, памеры і колер дзюбы, гаворыцца ў прэс-рэлізе АПБ.
Праграма адфільтруе віды, якія адпавядаюць гэтым характарыстыкам, і зь некалькіх здымкаў вы зможаце выбраць птушку, якую назіралі.
Усяго ў сьпісе птушак 325 відаў, якіх можна сустрэць ў Беларусі.
Сьпіс можна сартаваць па альфабэце (беларускім, расейскім або лацінскім), а таксама па групах (атрадах): вераб’іныя асобна, гусі і качкі асобна і г.д. Для кожнага віду даецца апісаньне, розныя фота, запіс голасу, адзначаюцца асаблівасьці: напрыклад, як адрозьніць самца, самку і маладую птушку.
Стварыць праграму дапамагла IT-кампанія EPAM.
Вызначальнік птушак можна бясплатна спампаваць у Play Market.
Гэта адзін з першых рэлізаў, стваральнікі заклікаюць карыстальнікаў дасылаць свае камэнтары, прапановы і заўвагі, каб у будучыні палепшыць праграму і зрабіць яе максымальна зручнай.
Грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» — прыродаахоўная грамадзкая арганізацыя Беларусі, з 2005 году — нацыянальны партнэр глябальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны.
Арганізацыя працуе дзеля захаваньня біяразнастайнасьці і далучэньня насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. У арганізацыі больш за 2500 сябраў і валянтэраў і больш за 30 тысячпрыхільнікаў, 130 школьных клюбаў і 14 мясцовых аддзяленьняў па ўсёй краіне.