Тром параненым аказалі мэдыцынскую дапамогу, тры захопленыя караблі перапраўляюць у Керч.
У ФСБ Расеі паведамілі, што адбываецца з захопленымі 25 лістапада трыма ўкраінскімі караблямі і 23 маракамі. Цяпер затрыманыя караблі накіроўваюцца ў Керч, тром параненым маракам аказаная дапамога. Пра гэта паведамляе прадстаўнік памежнага ўпраўленьня ФСБ Расеі ў Крыме Антон Лазавой, перадае ТАСС.
У ФСБ завялі крымінальную справу за незаконны пераход дзяржаўнай мяжы. Ва Ўкраіне захоп караблёў кваліфікавалі як акт агрэсіі. Генэральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка заявіў пра крымінальную справу па факце разьвязваньня, плянаваньня і вядзеньня агрэсіўнай вайны.
Украінскі бок паведамляе пра 23 захопленых маракоў, 6 зь іх параненыя і трое ў цяжкім стане. Начальнік Генштабу Украіны Віктар Мужэнка паведаміў УНІАН, што сувязь зь імі пасьля захопу адсутнічае.
У той жа час прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да кіраўніцтва Расеі з патрабаваньнем неадкладна вызваліць украінскіх вайскоўцаў, якія былі затрыманыя ў парушэньне міжнароднага права.
«Украіна патрабуе тэрмінова іх перадаць украінскаму боку разам з караблямі. Заклікаю да дээскаляцыі сытуацыі — як у Азоўскім моры, так і па іншых напрамках — і хуткай рэакцыі на гэты зварот», — заявіў Парашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры