Украінскія СМІ паведамляюць аб захопе трох украінскіх суднаў, якія з Азоўскага мора і праз Керчанскую пратоку вярталася на базу ў Адэсу.
Гэтую інфармацыю пацьвердзіў Вайскова-марскі флёт Украіны. Паводле камандаваньня, за захоп адказвае спэцназ РФ.
На гэты момант вядома, што кіраўніцтва Ўкраіны праводзіць кансультацыі з кіраўніцтвам дзяржаваў Эўразьвязу і Паўночнаатлянтычнага альянсу.
«Кіраўнік дзяржавы даручыў МЗС апэратыўна праінфармаваць краіны G7 і чальцоў Рады Бясьпекі ААН аб злачынных дзеяньнях расейскага боку ў Азова-Керчанскай акваторыі і ў раёне Чорнага мора, а таксама ініцыяваць разгляд гэтага пытаньня ў рамках ААН і АБСЭ», – паведамілі ў Адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта.
Сакратар Рады нацыянальнай абароны і бясьпекі Аляксандар Турчынаў паведаміў, што прэзыдэнт склікае паседжаньне Ваеннага кабінэту.
Расейскія СМІ апублікавалі ўвечары відэа збліжэньня памежнага карабля Расеі з судамі ВМС Украіны у Керчанскай пратоцы. У публікацыях «РИА Новости» і тэлеканалу «Звезда» відаць толькі момант збліжэньня, без тарану.
Тым часам у сацыяльных сетках зьявілася поўнае відэа, без мантажу. На ім бачны момант сыткненьня і, як мяркуецца, голас камандзіра за кадрам, які з ужываньнем ненарматыўнай лексікі аддае загады тараніць украінскі буксір.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася відэа тарану ўкраінскага буксіра. ВІДЭА