ВМС Украіны: ФСБ Расеі адкрыла агонь, ёсьць параненыя

Расейскія памежнікі падбілі адзін з украінскіх бранякатэраў і паранілі шасьцёх маракоў, двое ў цяжкім стане. Адбылося гэта па-за межамі водаў вакол акупаванага Крыму, на якія Расея прэтэндуе як на «свае тэрытарыяльныя», паведамілі ў прэс-цэнтры камандаваньня Вайскова-марскіх сілаў Узброеных сілаў Украіны.

8.00

Рада Бясьпекі ААН у панядзелак, 26 лістапада, зьбярэцца на экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве.

Пра гэта паведаміла ў твітэры сталая прадстаўніца ЗША пры ААН Нікі Гэйлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Бясьпекі ААН тэрмінова зьбярэцца з прычыны канфлікту Ўкраіны і Расеі ў Азоўскім моры

Паседжаньне склікаецца з ініцыятывы ўкраінскага і расейскага бакоў. Масква настойвала на скліканьні ў сувязі зь небясьпечным разьвіцьцём сытуацыі ў Азоўскім моры. Кіеў заявіў, што зварот прадыктаваны агрэсіўнымі дзеяньнямі з боку Расеі.

7.48

У сувязі з захопам Расеяй трох украінскіх суднаў у Азоўскім моры Ўзброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.

Гэта адбылося пасьля прапановы Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ўвесьці прававы рэжым ваеннага становішча, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць

Служба бясьпекі Ўкраіны таксама заявіла, што яе асабісты склад прыведзены ў поўную баявую гатоўнасьць з прычыны «агрэсіўных дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі ў Керчанскім праліве». У ведамстве адзначылі, што ўзмацнілі «захады для недапушчэньня на тэрыторыі Ўкраіны іншых правакацый спэцслужбаў РФ і дэстабілізацыі сытуацыі ўнутры краіны».

1.35

Пятро Парашэнка падтрымаў прапанову Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны ўвесьці ў краіне ваеннае становішча на 60 дзён. Цяпер гэтае рашэньне павінна зацьвердзіць Вярхоўная Рада. Прэзыдэнт заклікаў дэпутатаў ВР правесьці заўтра надзвычайны сход.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пачынаюць уводзіць ваеннае становішча. Што гэта значыць

01.17

Расея захапіла больш за 20 украінскіх маракоў — прадстаўнік прэзыдэнта Ўкраіны ў Крыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна заявіла, што расейскі спэцназ захапіў яе судны. Парашэнка склікае Ваенны кабінэт

00.43

ФСБ Расеі пацьвердзіла, што ўсе тры караблі ВМС Украіны, якія, як сьцьвярджае расейскі бок, парушылі ў нядзелю мяжу Расеі, затрыманыя ў Чорным моры. Для іх прымусовага спыненьня ўжывалася зброя. Пра гэта паведамляе Цэнтар грамадзкіх сувязяў ФСБ, інфармуе ТАСС.

00.39

Акцыя пратэсту каля амбасады Расеі ў Кіеве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасаду Расеі ў Кіеве закідалі дымавымі шашкамі. ФОТА, ВІДЭА 

00.35

А 1.00 менскага часу пачынаецца паседжаньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны​ Ўкраіны. Жывы эфір 5-га каналу.

00.30

ВМС Украіны: Паводле апэратыўнай інфармацыі, захоплены МБАК (Малы браняваны артылерыйскі катэр. — Рэд.) «Бярдзянск» і РБК «Яны Капу», якія буксіруюцца. МБАК «Нікапаль» заблякаваны і накіроўваецца ў суправаджэньні акупантаў, катэр не пашкоджаны. 6 украінскіх вайскоўцаў атрымалі раненьні.

00.21

У камандаваньні ВМС Украіны заявілі, што ў адпаведнасьці з артыкуламі 17, 38 Канвэнцыі ААН у марскім праве і артыкулам 2 Дамовы паміж Украінай і РФ аб супрацоўніцтве ў выкарыстаньні Азоўскага мора і Керчанскай пратокі, вайсковыя караблі Ўкраіны карыстаюцца свабодай суднаходзтва, а таму могуць ажыцьцяўляць праход праз Керчанскую пратоку ў кожны час пры ўмове захаваньня бясьпекі суднаходзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкрытае парушэньне міжнароднага права». Рэакцыі на канфлікт Расеі і Ўкраіны ў Азоўскім моры

00.15

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў, што сытуацыя ў Азоўскім моры разглядаецца як акт вайсковай агрэсіі Расеі.

«Прапанавана правесьці паседжаньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны для абвяшчэньня ваеннага становішча», — заявіў сакратар РНБО.

«Пасьля выхаду з 12-мільнай зоны катэры ФСБ РФ адкрылі агонь па карабельнай групе Вайскова-марскіх сілаў Украіны. Пашкоджаны малы браняваны артылерыйскі катэр „Бярдзянск“. Катэр страціў ход, ёсьць паранены. Зброя ўжываецца на паражэньне», — гаворыцца ў паведамленьні.

Празь некалькі хвілінаў украінцы паведамілі, што прынялі рашэньне страляць у адказ, таксама на паражэньне.

Неўзабаве ўкраінскія СМІ паведамілі пра захоп трох украінскіх суднаў, якія з Азоўскага мора і праз Керчанскую пратоку вярталіся на базу ў Адэсу.

Гэтую інфармацыю пацьвердзіў Вайскова-марскі флёт Украіны. Паводле камандаваньня, за захоп адказвае спэцназ РФ.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў паведаміў, што прэзыдэнт склікае паседжаньне Вайсковага кабінэту.

Украіна патрабуе тэрміновага паседжаньня Рады Бясьпекі ААН.

Што кажа Расея

Тым часам Расея заяўляе, што расейскія спэцслужбы валодаюць
доказамі падрыхтоўкі Кіевам правакацыі ў акваторыі Чорнага мора.

«Маюцца неабвержныя доказы падрыхтоўкі і правядзеньня
Кіевам правакацыі сіламі ВМС Украіны ў чарнаморскай акваторыі. Гэтыя матэрыялы хутка будуць апублікаваныя», — заявілі ў ФСБ Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея назвала свой напад на ўкраінскія караблі «правакацыяй Кіева»

Раней камандаваньне Вайскова-марскіх сілаў Украіны абвінаваціла Расею ў агрэсіўных дзеяньнях супраць украінскіх вайсковых караблёў у Чорным моры.

У 22.44 па менскім часе «РИА Новости»​ паведаміла са спасылкай на Цэнтар грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі, што тры судны ўкраінскіх ВМС, якія «выйшлі зь Бярдзянску ў бок Керчанскай пратокі, вяртаюцца назад».

Відэа меркаванага расейскага тарану

Расейскія СМІ апублікавалі ўвечары відэа збліжэньня памежнага карабля Расеі з вадаплавами ВМС Украіны у Керчанскай пратоцы. У публікацыях «РИА Новости» і тэлеканалу «Звезда» відаць толькі момант збліжэньня, без тарану.

Тым часам у сацыяльных сетках зьявілася поўнае відэа без мантажу. На ім бачны момант сутыкненьня і, як мяркуецца, голас камандзіра за кадрам, які з ужываньнем ненарматыўнай лексікі аддае загады тараніць украінскі буксір.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВМФ Украіны: расейскі карабель у Азоўскім моры пратараніў украінскі

Яшчэ два месяцы таму два ўкраінскія вайсковыя караблі спакойна прайшлі Керчанскую пратоку пад мостам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвастраецца канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай у Азоўскім моры

Як гаворыцца ў паведамленьні ўкраінскіх вайскоўцаў, у нядзелю, 25 лістапада, карабель расейскай памежнай службы Расеі «Дон» ажыцьцявіў таран украінскага рэйдавага буксіра, які разам з двума іншымі баявымі караблямі ажыцьцяўляў плянавы пераход з порту Адэсы ў Марыюпаль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія катэры ў Керчанскай пратоцы гатовыя да магчымай высадкі дэсанту

Сьцьвярджаецца, што ў выніку інцыдэнту быў пашкоджаны галоўны рухавік карабля, абшыўка і леерная агароджа, а таксама згублены выратавальны плыт. Пра пацярпелых не паведамляецца.​

Перадгісторыя канфлікту

Новы канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік сёлета, пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю мосту ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты, тым самым парушае міжнароднае права і перашкаджае свабоднаму мараплаўству ў Азоўскім моры. У Кіеве было прынятае рашэньне ўмацаваць вайсковы флёт у Азоўскім моры і перакінуць частку караблёў з Адэсы ў Марыюпаль і Бярдзянск.

Расея, у сваю чаргу, вінаваціла Ўкраіну ў правакацыі. Масква заяўляе, што праверкі ўкраінскіх вадаплаваў законныя. Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што Ўкраіна ўжывае напружаную сытуацыю ў Азоўскім моры як падставу для ўзмацненьня міжнароднага ціску на Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая міжнародная рэакцыя на захоп Расеяй украінскіх караблёў