Партыя Пазьняка наведала мясьціны Слуцкага збройнага чыну

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ 25 лістапада правяла акцыю з нагоды 98-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну. У мітынгу ў Слуцку ўдзельнічала не менш за 70 чалавек.

Спачатку ўдзельнікі акцыі наведалі месцы, зьвязаныя са Слуцкім паўстаньнем (вёскі Грозава, Семежава і Чырвоная Слабада (былая Вызна)).

Прысутным быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка.

«Патрыятычныя дзеяньні продкаў няхай стануць нам прыкладам. І гэта не рыторыка. Над нашай дарагой Бацькаўшчынай даўно навісла небясьпека і навісае кожны дзень. Мы гэта бачым. Але іншыя думаюць, што нічога ня станецца, і шчасьліва выплыве наш карабель. Так думалі ва Ўкраіне, пакуль ні напала на іх навала з усходу. Але ўкраінцы мелі грунт. У іх была ўкраінская школа, са сьцен якой выходзілі адукаваныя ўкраінцы з пашанай да Ўкраіны, быў украінскі кінематограф, там не было татальнай здрады і лукашызма. Нам будзе цяжэй. Але мужаймася, і найперш шануем нашу Беларускую Мову, Незалежнасьць і Свабоду», - гаворыцца ў звароце старшыні партыі.

Выканаўца абавязкаў старшыні партыі ў Беларусі Юрась Беленькі ў камэнтары БелаПАН адзначыў, што мясцовыя жыхары, якіх улады заклікалі не прыходзіць на акцыю, хоць непасрэдна і не ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, стаялі воддаль і слухалі выступоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слуцкі збройны чын. Тлумачым на салдаціках. ВІДЭА

Мітынг у Слуцку прайшоў у гарадзкім парку. Выступаючы на ім, Беленькі зьвярнуў увагу прысутных, што, «верагодна, матывацыя ва ўдзельнікаў паўстаньня была моцная».

«Людзі разумелі, што іх чакае, калі ўлада расейскіх бальшавікоў замацуецца. Гісторыя пацьвердзіла іх правату: далей былі Курапаты, Галадамор ва Ўкраіне і гэтак далей», — сказаў ён.

Палітык зьвярнуўся да міліцыянэраў і ваенных, адзначыўшы, што яны фактычна служаць прамаскоўскаму рэжыму, які праводзіць антыбеларускую палітыку. Так, заявіў ён, за гады кіраваньня Лукашэнкі насельніцтва Беларусі зьменшылася прыкладна на 800 тыс. чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР павіншавала з угодкамі Слуцкага збройнага чыну

Слуцкі збройны чын 1920 года быў спробай абароны незалежнасьці Беларусі. На працягу месяца, у лістападзе-сьнежні, ваенныя атрады, сфарміраваныя на Случчыне пераважна зь мясцовых вяскоўцаў, аказвалі супраціў войскам Саветаў.