25 лістапада ў Беларусі 25-ты раз за 2018 год падаражэе паліва

Паводле агенцтва БелаПАН, 25 лістапада кошт аўтамабільнага паліва на АЗС Беларусі зноў павялічыцца на капейку, паведамляе канцэрн «Белнафтахім».

Цана бэнзіну АІ-95-К5-Эўра складзе 1,52 рубля, АІ-98-К5-Эўра — 1,73 рубля, дызэльнага паліва — 1,52 рубля за літар.

Цана бэнзіну АІ-92-К5-Эўра ня зьменіцца.

«Зьмена цэн на нафтапрадукты працягваецца з мэтай кампэнсацыі выдаткаў НПЗ для набыцьця вуглевадароднай сыравіны», — сказана ў паведамленьні «Белнафтахіма».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як абдзіраюць беларускіх аўтаўладальнікаў так, каб яны гэтага не заўважылі

Як адзначаюць у канцэрне, за 20 дзён лістапада сярэдняя цана нафты склала 68 даляраў ЗША за барэль. У цэлым за студзень—лістапад у адносінах да аналягічнага пэрыяду мінулага году рост сярэдняй цаны нафты для беларускіх НПЗ у даляравым эквіваленце склаў прыблізна 33%, у рублёвым — прыблізна 40%. Пры гэтым цэны на маторнае паліва з пачатку сёлета былі павялічаныя на 18%.

«Такім чынам, у лістападзе 2018 году для айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў захоўваецца апераджальны рост цэн на нафту ў параўнаньні з цэнамі на нафтапрадукты», — падкрэсьлівае ў сваім паведамленьні «Белнафтахім».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі дваццаць трэці раз за год мяняецца цана на бэнзін

Заўтрашняе падаражаньне паліва стане 25-й зьменай цэн на яго ў 2018 годзе. Апошні раз цэны былі павялічаныя на капейку 18 лістапада.

Пра тое, што цэны на паліва будуць зьмяняцца паступова, заявіў старшыня «Белнафтахіму» Андрэй Рыбакоў 15 лістапада ў Наваполацку на сустрэчы з калектывам ААТ «Нафтан».