Блогера Сяргея Пятрухіна аштрафавалі за няяўку ў міліцыю

Сяргей Пятрухін

Суд Ленінскага раёну Менску 23 лістапада аштрафаваў на 245 рублёў блогера Сяргея Пятрухіна, піша БелаПАН. Блогера прызналі вінаватым паводле арт. 24.6 КаАП — «Ухіленьне ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны ці крымінальны працэс».

Як паведамляў Свабодзе блогер Аляксандар Кабанаў, Пятрухіна затрымалі 13 лістапада ў берасьцейскім апорным пункце міліцыі, пасьля таго, як блогеры здымалі на відэа «інтэрвію зь міліцыянтам». Апошні ад размовы адмовіўся. У Ленінскім РАУС Берасьця на Пятрухіна склалі пратакол паводле 24.6 КаАП і зьмясьцілі ў ізалятар.

Пятрухін казаў Свабодзе, што яго абвінавачвалі ў няяўцы ў міліцыю па позьве 4 лістапада.

«Я дамовіўся з участковым, які мяне выклікаў, што ў выпадку, калі не прыйду, то паведамлю ў пастарунак. Я так і зрабіў: выклаў паважлівую прычыну, чаму не магу прыйсьці. Сказаў, што гатовы ў любы іншы дзень, але не ў выходныя», — казаў Пятрухін.

Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў ад пачатку году асьвятляюць пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці. Іх неаднаразова судзілі, яны адбывалі суткі і сплочвалі штрафы. Паводле Пятрухіна, агулам яму прысуджана болей за 3500 эўра штрафаў. На выплату многіх зь іх складаюцца пратэстоўцы.