Паводле зьвестак Белстату, намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў кастрычніку склаў 999 рублёў 70 капеек.
Гэта на 36,1 рубля больш за заробкі ў верасьні, калі ў сярэднім беларусы атрымалі 963,6 рубля. Ад пачатку году заробкі беларусаў вырасьлі на 4,4 рубля.
Калі ж параўноўваць з кастрычнікам 2017 году, то налічаны сярэдні заробак павялічыўся на 158,7 рубля. А рэальны сярэдні заробак вырас на 13%.
За кастрычнік працоўным Менску ў сярэднім налічылі 1370,3 рубля. Гэта самы вялікі паказьнік у краіне. Найменшы — у Магілёўскай вобласьці: 836,7 рубля.
У лістападзе 2015 году Аляксандар Лукашэнка дапускаў, што на пачатку 2018 году заплянаваных раней заробкаў па 1000 рублёў можа не атрымацца празь «вялікую колькасьць выходных», а з ІІ кварталу «мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышачку».
Лукашэнка ўжо больш за 10 гадоў абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў (апошнім часам кажа «па тысячы рублёў»). Але ў 2017 годзе ня толькі рэальныя, а і налічаныя сярэднія заробкі не дасягнулі 1000 рублёў. «Па пяцьсот» даляраў пакуль атрымлівае не адзін сярэднестатыстычны беларус, а адна сярэднестатыстычная беларуская сям’я.