У лістападзе 2006 году Вярхоўная Рада Ўкраіны прызнала Галадамор генацыдам украінскага народу. Паводле зьвестак Інстытуту гісторыі Ўкраіны, страты ад голаду ва Ўкраінскай ССР у 1932–1933 гадах склалі амаль 4 мільёны чалавек і яшчэ 3 мільёны загінулі ў іншых рэгіёнах Савецкага Саюзу (на Кубані, у Паволжы і інш.)
Цяпер голад 30-х гадоў XX стагодзьдзя прызнаюць генацыдам 24 краіны сьвету, а яшчэ ў шэрагу краін — органы ўлады іх асобных тэрытарыяльных адзінак. У кастрычніку Сэнат ЗША прызнаў Голодомор генацыдам украінцаў.
У 2018 годзе Ўкраіна адзначае 85-ю гадавіну Галадамору.
Як Галадамор быў зьвязаны з калектывізацыяй і зь дзеяньнямі Сталіна, і ў якіх рэгіёнах было больш за ўсё пацярпелых? Тлумачыць гісторык Сяргей Плохій, прафэсар Гарвардзкага ўнівэрсытэту, дырэктар Інстытуту ўкраіназнаўства.
— Галадамор ня быў толькі пра збожжа і пра выкачваньне збожжа. У такім выпадку больш пацярпеў бы Поўдзень — Адэская і Днепрапятроўская вобласьці Ўкраіны (яны былі не такімі, як сёньня, яны былі нашмат большыя тэрытарыяльна). Але замест гэтага пацярпеў цэнтар. Узьнікае пытаньне — чаму?
Адказ: гэтыя рэгіёны пацярпелі таму, што былі часткай Украіны, на якую клалася ільвіная доля тых збожжанарыхтовак, якімі займаўся ўрад. Таму што, калі паглядзець на рэгіёны Расейскай Фэдэрацыі, то найбольш пацярпелымі былі рэгіёны ня толькі хлебныя. Мы бачым, што і ва Ўкраіне, і за яе межамі важным быў этнічны фактар.
У Расеі пацярпела Кубань — там украінскі элемэнт досыць вялікі, гэта рэгіён, дзе ўкраінцаў было каля 50% насельніцтва. І Паволжа. Больш за ўсё ахвяраў у Паволжы — сярод немцаў. Хоць пацярпела расейская Саратаўская вобласьць, то больш за ўсё пацярпелі немцы.
— Адзін з аргумэнтаў, які выказваецца супраць таго, каб прызнаваць Галадамор генацыдам, — гэта тое, што Сталін спыніў голад у 1934 годзе і аказаў дапамогу тым рэгіёнам, якія галадалі. Але лёгіка гэтага працэсу незразумелая. Калі трэба было больш хлеба, каб правесьці індустрыялізацыю, для чаго тады забіваць тых людзей, якія гэты хлеб вырабляюць?
— У лютым і сакавіку 1933 году (у пацярпелыя рэгіёны) сапраўды пачынаюць дасылаць так званую дапамогу. Але на самой справе гэта была дапамога ў доўг, які потым трэба было аддаваць.
Дапамогі прыходзіла вельмі мала, і яна ішла на Поўдзень — галоўны рэгіён, дзе выраблялі хлеб. А цэнтар Украіны, Кіеўская і Харкаўская вобласьці, заставаліся самі па сабе. Хоць у Кіеўскай вобласьці і часткова ў Харкаўскай на той момант гэта быў ужо другі год голаду.
Да таго ж, калі вы былі аднаасобнікам [селянін, які мае асобную самастойную гаспадарку — РС], то шанцы атрымаць якую-небудзь дапамогу ў вас былі мінімальныя. На гэта была палітычная прычына: паказаць сялянам, што адзіны спосаб выжыць — гэта ўступіць у калгас. І сапраўды, пасьля голаду урад ня меў праблемы з калектывізацыяй, таму што было данесена выразнае пасланьне: калі хочаш жыць — ідзі ў калгас.
— Між гісторыкамі і дэмографамі ідзе дыскусія: колькі насамрэч было ахвяраў Галадамору? Тыя лічбы, да якіх прыйшлі вы, ці можна на іх спасылацца, канчатковыя яны?
— Спасылацца на іх можна, але яны не канчатковыя. І гэтыя лічбы — вынік сумеснай працы амэрыканска-ўкраінскай групы дэмографаў. Лічбы, якія яны сёньня нам даюць, — гэта каля 4 мільёнаў залішняй сьмяротнасьці, то бок, гэта ўсе, хто памёр у той час. Але ж людзі паміраюць і бяз голаду. Плюс ёсьць паўмільёна ненароджаных. Гэта дадзеныя па Ўкраіне, якія ўлічваюць і ўкраінцаў, і неўкраінцаў.
Калі выходзіць за межы Ўкраіны і лічыць Кубань, шукаць этнічных украінцаў за мяжой, — то гэтая праца яшчэ ня зробленая, часткова ў сувязі з абмежаваным доступам да зьвестак.
Для нас вельмі важна выйсьці ў Расею і пашырыць наш картаграфічны матэрыял, базу крыніц. Для нас важна паглядзець, напрыклад, ці паміралі людзі ў такіх маштабах ў Харкаўскай вобласьці. Трэба паглядзець, напрыклад, на Белгародзкую вобласьць.
Мы калісьці шукалі сродкі для таго, каб ўкраінскія дасьледчыкі паехалі ў Белгародзкі рэгіён, на Кубань, і там правялі дасьледаваньні. Але вайна, інтэрвэнцыя і гэтак далей зрабілі гэты працэс немагчымым. Але нават тады мы думалі, як сфармуляваць тэму, каб яна была палітычна прымальнай для дырэктараў архіваў у расейскіх правінцыях: казаць аб калектывізацыі, замест таго, каб гаварыць пра голад. Так што гэта для нас застаецца выклікам.
Але тыя зьвесткі дэмографаў, зь якімі мы працуем, якія мы атрымалі ў цэнтральных маскоўскіх архівах, даюць нам уяўленьне сытуацыі на вялікай тэрыторыі. І менавіта на гэтым грунтуецца наша меркаваньне аб тым, што сапраўды пацярпелі Кубань, Паволжа.
Але маштаб ва Ўкраіне быў нашмат большы. І ва Ўкраіне было тое, чаго не было, скажам, у Паволжы, калі ідзе гаворка пра Саратаўскую вобласьці, — этнічны і нацыянальны элемэнт.
У сьнежні 1932 Сталін падпісвае некалькі дакумэнтаў. У тым жа «Дэкрэце аб хлебанарыхтоўках» ідзе гаворка пра спыненьне ўкраінізацыі за межамі Украіны, пра абмежаваньне ўкраінізацыі на тэрыторыі Ўкраіны. Гэта значыць, у палітыцы збожжанарыхтовак ёсьць вельмі моцны этнічны, этнічна-нацыянальны кампанэнт.