Дэпартамэнт фінансаў і тылу МУС стаў адным зь лідэраў у дзяржаўных закупках за 9 месяцаў гэтага году.
У Міністэрстве ўнутраных спраў набылі прылады для маніторынгу радыёэфіру: два мабільныя комплексы радыёманіторынгу, дзьве стацыянарныя сыстэмы радыёманіторынгу і шэсьць мабільных пэленгатараў. Агульная сума тэхналягічнай навінкі — 16,2 мільёна рублёў, піша Tut.by.
Усе гэтыя прылады мусяць выяўляць крыніцы радыёперашкод, а таксама радыёперадачыкі і радыёэлектронныя сродкі, якія могуць нашкодзіць бясьпецы.
МУС мае сваю радыёчастотную сувязь, таму такія сродкі патрэбны для кантролю, маніторынгу і абароны сувязі. Таксама з дапамогай такой тэхнікі можна кантраляваць, што адбываецца на іншых частотах, адсочваць і запісваць сучасныя сыгналы сувязі. Але мабільныя тэлефоны з дапамогай такой тэхнікі не праслухаеш.
За 9 месяцаў сёлета дэпартамэнт фінансаў і тылу МУС заключыў кантрактаў на 17 мільёнаў даляраў, паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэкор за 800 тысяч даляраў. Колькі што каштуе ў новым будынку Вярхоўнага суду. ФОТА