Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў два законы аб легалізацыі аўтамабіляў на «эўранумарах» праз сплату мыта.
«Падпісаў законы № 8487 і № 8488, якія легалізуюць увезеныя з парушэньнем мытнага і падатковага заканадаўства аўтамабілі з эўрапейскімі нумарамі. Усе сродкі ад гэтага, ад першай і да апошняй грыўны, пойдуць у Пэнсійны фонд на пакрыцьцё яго дэфіцыту, на індэксацыю пэнсій, на выплаты ў першую чаргу тым, хто атрымлівае мінімальную пэнсію. Гэта выразна і недвухсэнсоўна прадугледжана законам», — напісаў Парашэнка ў Facebook.
Вярхоўная Рада 8 лістапада падтрымала згаданыя законапраекты. Новыя законы ўсталююць льготны тэрмін (часовы) мытнай ачысткі аўтамабіляў і ўзмацняюць адказнасьць грамадзян за выкарыстаньне аўтамабіляў на эўранумарах.
Украінскія ўласьнікі так званых «эўраблях» (неразмытненых аўтамабіляў з краінаў Эўразьвязу) з 20 лістапада праводзілі бестэрміновы страйк, каб дамагчыся спрошчаных умоваў для перарэгістрацыі іхных транспартных сродкаў і зьніжэньня падаткаў пры ўвозе на ўкраінскую тэрыторыю.
Аўтамабілісты два дні блякавалі аўтадарогі ў 22 абласьцях Украіны і пікетавалі парлямэнт. У Роўненскай вобласьці на трасе Кіеў — Чоп адбыліся сутыкненьні ўдзельнікаў акцыі з паліцыяй, а на мяжы зь Беларусьсю ўтварыўся каляпс — на пункт пропуску «Новыя Ярылавічы» не маглі заяжджаць грузавыя аўтамабілі, а чарга расьцягнулася амаль на тры кілямэтры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусаў выкарыстоўваюць для ўвозу ва Ўкраіну аўтамабіляў на нумарах Эўразьвязу