Адна мая знаёмая ніколі ня ведала свайго бацькі. Так бывае — маці вырашыла нічога не тлумачыць, а дачка не знайшла патрэбных словаў, каб распытацца. Усё, што нагадвае ёй пра бацьку — гэта запіс у пашпарце. І тое, яна нават не ведае, ці праўда там запісана імя чалавека, які спрычыніўся да яе зачацьця.
Па жаданьні ў беларускім пашпарце можна зьмяніць прозьвішча, імя і паметку аб поле. Ёсьць нават выпадкі, калі можна зьмяніць імя па бацьку — калі юрыдычна ці фактычна ім стаў іншы чалавек, альбо калі сам тата зьмяніў уласнае імя. А вось цалкам прыбраць гэты пункт з дакумэнту амаль немагчыма. І гэта праблема.
Я пішу «амаль», каб мяне не маглі папракнуць у хлусьні, згадваючы адзіны, бадай, вынятак з правіла. Мянчук Антось Вусовіч патраціў чатыры гады на змаганьне з інстанцыямі і ўсё ж дабіўся, каб імя па бацьку зь ягонага пашпарту прыбралі. Але гэты выпадак — статыстычная хіба. Іншыя людзі працягваюць безвынікова біцца з ЗАГСамі і выканкамамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мянчук дамогся пашпарта на правільнай лацінцы і без імя па бацькуУ нежаданьня ўпісваць у дакумэнт імя па бацьку могуць быць розныя прычыны: цяжарнасьць наступіла ў выніку згвалтаваньня, бацька не бярэ ніякага ўдзелу ў выхаваньні дзіцяці і фактычна зьяўляецца донарам спэрмы, дзіця ненавідзіць бацьку за нейкі праступак альбо злачынства. А прычына, чаму такі пункт у дакумэнтах увогуле ёсьць, толькі адна: так паложана. І нават калі бацька для ЗАГСу зьяўляецца «неўстаноўленай асобай», імя па бацьку для немаўляці мусяць запісаць са словаў маці.
Гэта ціхі адгалосак патрыярхальнай культуры, дзе ў аснове сям’і — мужчынская лінія, а жанчыны выконваюць функцыі «нарадзіць», «накарміць», «даглядзець». Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава, Якаў спарадзіў Юду і братоў ягоных... Мы дагэтуль падтрымліваем гэтую Біблейскую рыторыку, хоць жанчыны і становяцца прэзыдэнткамі і займаюць кіруючыя пасады ў буйных карпарацыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Застанецца Джонавічам. Суд не дазволіў беларускаму амэрыканцу назваць сына без імя па бацькуМая знаёмая нічога ня ведае пра свайго бацьку і ня хоча ведаць. Яна ня хоча пры кожным запаўненьні дакумэнтаў упісваць у адпаведную графу мужчынскае імя, якое абсалютна нічога для яе не значыць. І чаму яна вымушана гэта рабіць? Чаму нават у такой драбязе дзяржава паказвае, што псыхалягічны камфорт жывога чалавека — нішто ў параўнаньні з неабходнасьцю прытрымлівацца традыцыі?
Гісторыкі працягваюць спрачацца, наколькі гэтая традыцыя ўвогуле беларуская, фэміністкі абмяркоўваюць пытаньне з пазыцыі крытыкі патрыярхату, праціўнікі і праціўніцы фэміністак усяляк высьмейваюць ідэю адмены імя па бацьку ці увядзеньня імя па маці як альтэрнатывы. Але ідэалягічныя спрэчкі — яны ж не дзеля абстрактнай перамогі. За імі стаіць боль канкрэтных людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Квасыч, Капірыч і Рыгорыч: Імя па бацьку як чужы брэндБоль людзей, якія пры кожным звароце да іх праз імя і імя па бацьку ўздрыгваюць, бо гэты бацька гадамі іх біў альбо гвалціў. Боль людзей, якія бацьку ніколі не ведалі, а выдуманае імя ў дакумэнце ім пра гэта рэгулярна нагадвае.
Навошта вымушаць жанчын упісваць «ну хоць якое-небудзь імя»? Я ня бачу аніводнай лягічнай прычыны, чаму мець імя па бацьку — гэта абавязак, а ня права. Аргумэнты пра спрашчэньне ідэнтыфікацыі гучаць непераканаўча, бо для дакладнай ідэнтыфікацыі асобы выкарыстоўваюцца зусім іншыя мэханізмы. Аргумэнты пра тое, што гэта спосаб выказаць павагу да мужчыны — проста зьдзек, калі ўлічваць, што ў большасьці выпадкаў ад бацькі чалавек атрымлівае ў дакумэнтах і прозьвішча, і імя па бацьку, а ад маці — нічога.
Закон суворы, але гэта закон? Аднак мусіць жа ў ім быць хоць нейкая лёгіка.
З спадзевам на перамены, Анастасія Лідзіеўна Захарэвіч.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.