Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім распараджэньнем прызначыў былога кіраўніка ўкраінскага ўраду Яўгена Марчука прадстаўніком Украіны ў Трохбаковай кантактнай менскай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.
«Прэзыдэнт Парашэнка прызначыў Яўгена Кірылавіча Марчука прадстаўніком Украіны ў Трохбаковай кантактнай групе. Усе гэтыя цяжкія гады ён годна прадстаўляў Украіну ў падгрупе ў пытаньнях бясьпекі, ён добра арыентуецца ў праблематыцы менскіх перамоваў і будзе жорстка адстойваць нацыянальныя інтарэсы Ўкраіны», — паведаміла віцэ-сьпікер украінскага парлямэнту Ірына Герашчанка.
Сёлета ў кастрычніку экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма завяршыў сваю працу ў складзе менскай Трохбаковай кантактнай групы ў пытаньнях вырашэньня сытуацыі на Данбасе. Ён быў уключаны ў склад менскай групы адмысловым распараджэньнем прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў ліпені 2014 году.
Яўген Марчук у розныя гады ўзначальваў Службу бясьпекі Ўкраіны і Кабінэт міністраў. У траўні 2015 году згодна з распараджэньнем Пятра Парашэнкі, ён прадстаўляў Украіну ў падгрупе ў пытаньнях бясьпекі Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.