У Дзярждуме РФ вырашылі апраўдаць увод савецкіх войскаў у Аўганістан

Востраў сьлёз у Менску, мэмарыял памяці салдатаў, забітых на аўганскай вайне

Дэпутаты Дзяржаўнай думы Расеі ў сераду ўхвалілі пастанову, якая пераглядае ацэнку аўганскай вайны, зробленую ў 1989 годзе Зьездам народных дэпутатаў СССР. У дакумэнце гаворыцца, што ўвод савецкіх войскаў адпавядаў нормам міжнароднага права.

Пасьля вываду савецкіх войскаў з Аўганістану дэпутаты СССР асудзілі рашэньне аб удзеле ў канфлікце, прынятае ў 1979 годзе. У Дзярждуме заявілі, што такія фармулёўкі недарэчныя і не адпавядаюць «прынцыпам гістарычнай справядлівасьці». Расейскія парлямэнтары плянуюць прыняць пастанову да трыццацігодзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану ў лютым 2019 году.

Грамадзянская вайна ў Аўганістане пачалася ў 1978 годзе пасьля прыходу да ўлады Народна-дэмакратычнай партыі. Вайсковая кампанія СССР на баку ўрадавых войскаў пачалася праз год. Савецкі Саюз супрацьстаяў паўстанцам, якіх падтрымлівалі краіны NATO. У 1989 году СССР вывеў свой вайсковы кантынгент з Аўганістану.

У вайне СССР у Аўганістане ўдзельнічалі каля 30 тысяч жыхароў Беларусі (тады БССР). 771 чалавек быў забіты, больш за паўтары тысячы беларусаў былі параненыя.