На мяжы Ўкраіны і Беларусі рух транспарту адноўлены. «Эўрабляхеры» спынілі пратэст

Ілюстрацыйнае фота

На міжнародным пункце пропуску «Новыя Ярылавічы — Новая Гута», што на мяжы Чарнігаўскай і Гомельскай вобласьці, рух транспарту цалкам адноўлены — легкавыя аўтамабілі бесьперашкодна заяжджаюць на афармленьне, невялікая чарга ўтварылася для грузавога транспарту.

Начальнік сэктару камунікацый Галоўнага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Чарнігаўскай вобласьці Сяргей Брыль паведаміў Свабодзе, што аўтамабілісты спынілі акцыю пратэсту ў другой палове 21 лістапада:

«Рух транспарту праз часткова заблякаваны пункт пропуску „Новыя Ярылавічы“ поўнасьцю адноўлены. Пасьля некалькіх паведамленьняў аб перакрыцьці руху на гэтым участку дарогі паліцыя завяла крымінальную справу паводле факту блякаваньня камунікацый шляхам утварэньня перашкод. Гэты артыкул прадугледжвае тэрмін зьняволеньня да 3 гадоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне «эўрабляхеры» часткова заблякавалі рух грузавікоў на мяжы зь Беларусьсю

Крымінальныя справы былі адкрытыя супраць актывістаў грамадзкай арганізацыі «Эўрасіла» яшчэ ў некалькіх абласьцях Украіны. У выніку лідары аўтамабілістаў заявілі аб прыпыненьні акцыі на бліжэйшыя два дні, каб выпрацаваць далейшы альгарытм дзеяньняў. Паводле іх, аўтамабілісты не зьбіраліся канфліктаваць з паліцыяй, а рух нідзе не перакрываўся.

Украінскія ўласьнікі так званых «эўраблях» (неразмытненых аўтамабіляў з краінаў Эўразьвязу) з 20 лістапада пачалі бестэрміновы страйк, каб дамагчыся спрошчаных умоваў для перарэгістрацыі іхных транспартных сродкаў і зьніжэньня падаткаў пры ўвозе на ўкраінскую тэрыторыю.

Аўтамабілісты два дні блякавалі аўтадарогі ў 22 абласьцях Украіны і пікетавалі парлямэнт. У Роўненскай вобласьці на трасе Кіеў — Чоп адбыліся сутыкненьні ўдзельнікаў акцыі з паліцыяй, а на мяжы зь Беларусьсю ўтварыўся каляпс — на пункт пропуску «Новыя Ярылавічы» не маглі заяжджаць грузавыя аўтамабілі, а чарга расьцягнулася амаль на тры кілямэтры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусаў выкарыстоўваюць для ўвозу ва Ўкраіну аўтамабіляў на нумарах Эўразьвязу