Прэсавая сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Ганна Красуліна, якой пагражае дэпартацыя зь Беларусі, паскардзілася ў амбасаду Расеі ў Менску аб парушэньні сваіх правоў і інтарэсаў сваёй сям’і беларускімі ўладамі.
Як паведаміла Ганна Красуліна БелаПАН, заяву ў амбасаду яна адправіла поштай. У ёй падрабязна апісаны факты, якія сталі падставай для рашэньня аб высылцы, а таксама адзначаецца, што ўсе штрафы за адміністрацыйныя правапарушэнні былі своечасова выплачаныя.
Ганна Красуліна зьяўляецца грамадзянкай Расеі, але жыве ў Беларусі ад 2002 году. Тут і яе сям’я — муж, двое паўналетніх дзяцей (усе грамадзяне Беларусі) і бацькі. 13 лістапада стала вядома, што УУС Маскоўскага раёна Менска прыняло рашэньне аб высылцы яе зь Беларусі тэрмінам на 1 год. Выехаць яна павінна да 30 лістапада.
Афіцыйнай падставай — адміністрацыйныя правапарушэньні. У 2016 годзе і 2017 гадах у дачыненьні да Красулінай былі складзеныя два пратаколы па артыкуле 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі), у сёлета яшчэ адзін — за ня сплачаны праезд у аўтобусе.
У лісьце на адрас расейскай амбасады Ганна Красуліна зьвяртае ўвагу на «дастаткова няпэўную» фармулёўку ч.1 арт. 65 закону «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», згодна зь якой іншаземец можа быць высланы з краіны «у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку» і г.д.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: «Справа прэс-сакратаркі АГП — палітычная, у іншых выпадках да высылкі не даходзіць»У сваім лісьце ў амбасаду Расеі Красуліна адзначае, што расейскае заканадаўства на гэты конт мае большую ступень прававой дакладнасьці: вызначаны канкрэтны пералік адміністрацыйных правапарушэньняў, якія цягнуць ануляваньне віду на жыхарства і дэпартацыю.
«У рамках падпісаных пагадненьняў на вышэйшым дзяржаўным і дыпляматычным узроўні аб пабудове „саюзнай дзяржавы“ і ўніфікацыі заканадаўства Расеі і Беларусі абвяшчаецца роўнасьць правоў грамадзян, у тым ліку на свабоду перамяшчэньня, выбар месца знаходжаньня і жыхарства», — падкрэсьлівае аўтарка ліста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лёсам Красулінай, якую ўлады высылаюць зь Беларусі, зацікавіліся замежныя дыпляматыГанна Красуліна таксама паведамляе, што ні яна, ні чальцы яе сям’і ня маюць нерухомасьці на тэрыторыі іншых дзяржаў, у тым ліку Расеі. Адпаведна, высылка азначае, што яе разлучаюць з мужам, дзецьмі і бацькамі.
28 лістапада Красуліна мае намер абскардзіць рашэньне аб сваёй высылцы ў ГУУС Менгарвыканкаму, а пры неспрыяльным выніку будзе зьвяртацца ў суд. На час разгляду апэляцыі ёй мусіць быць падоўжаны час знаходжання ў Беларусі.