Ізаляванае племя на індыйскім востраве забіла турыста

Ілюстрацыйнае фота

Амэрыканец загінуў на індыйскім востраве, які зьяўляецца домам для ізаляванага племені. Яно вядомае тым, што нападае на чужынцаў з лукамі і стрэламі.

Чалавек, ідэнтыфікаваны як Джон Чаў, прыехаў на Паўночны Сэнтэльскі востраў, дзе жыве племя сэнтынэльцаў. Паліцыя затрымала сямёх рыбакоў за тое, што яны дапамаглі 27-гадоваму амэрыканцу трапіць туды.

Сэнтынэльцы застаюцца сярод апошніх плямёнаў у сьвеце, якіх не кранула сучасная цывілізацыя. Яны вядомыя поўнай адмовай ад кантакту з чужынцамі і часта нападаюць на любога, хто набліжаецца да іх.

Сваякі Чаў выказалі ў Instagram смутак з нагоды яго сьмерці. Сям’я таксама заклікала праваахоўнікаў вызваліць тых, хто дапамагаў Чаў трапіць на востраў.

Запісы ў сацыяльных сетках сьведчаць, што Чаў на працягу апошніх некалькіх гадоў падарожнічаў па розных частках паўднёвай Індыі.