Маладэчанскі раённы суд агучыў выракі чатыром супрацоўнікам Мядзельскага адзьдзелу Сьледчага камітэту і судмэдэкспэрту.
Сьледчы Максім Валеўка, які двойчы ўдарыў міліцэйскай дубінкай жыхарку Мядзела Вольгу Даўжук падчас сьледчых дзеяньняў, прызнаны вінаватым у фальшаваньні доказаў, гвалце ў дачыненьні да пацярпелай і пасобніцтве злачынству. Яго пакаралі 4 гадамі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці, з пазбаўленьнем званьня капітана юстыцыі.
Пракурор прасіў прызначыць Валеўку 6 гадоў зьняволеньня. У апошнім слове падсудны казаў, што 6 гадоў не заўсёды даюць за забойства чалавека, а ён толькі ўдарыў два разы, бо «ня вытрымалі нэрвы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы зь Мядзела расплакаўся на судзе за зьбіцьцё жанчыныНа пытаньне, ці будзе ён абскарджваць прысуд, Валеўка нічога не адказаў, іншыя таксама прамаўчалі.
«Ня думаю, што яму варта абскарджваць, вы ж ведаеце у якой краіне мы жывем, як бы горш не было», — сказала Свабодзе цётка Максіма Валеўкі. Паводле яе, прысуд яму ў 4 гады зьняволеньня занадта жорсткі.
Іншых супрацоўнікаў прызналі вінаватымі ва ўтойваньні ўчынку свайго калегі. Гэта начальнік аддзелу Сьледчага камітэту Мядзелу Аляксандар Штура, ягоны намесьнік Міхаіл Сакалдынскі і супрацоўніца аддзелу Ганна Сакалдынская.
Аляксандар Штура пакараны 3,5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці, з пазбаўленьнем званьня падпалкоўніка юстыцыі.
Міхаіл Сакалдынскі пакараны 3 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленьнем званьня падпалкоўніка юстыцыі.
Ганну Сакалдынскую пакаралі 3 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.
Сваякі сьледчых мужчын плачуць і абураюцца прысудам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды тэлефон падзела, с...а!». За што судзяць былое кіраўніцтва мядзельскага Сьледчага камітэтуСудмэдэкспэрта Алену Кабіценку абвінавацілі ў тым, што яна дала непраўдзівае заключэньне аб прычыне цялесных пашкоджаньняў Вольгі Даўжук. Паводле яе экспэртызы, сьляды ад удараў сталі вынікам «падзеньня». У выніку Кабіценку пакаралі 3 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.
Пракурор Вадзім Лолуа прасіў для падсудных жанчын па 3 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай. Пасьля суду пракурор ад камэнтару адмовіўся.
Ганна Сакалдынская, якую ўжо вызвалілі, ад камэнтару таксама адмовілася. Сваякі і калегі сустрэлі яе кветкамі.
Паводле паказаньняў на судзе Алены Янукевіч, маці Вольгі Даўжук, расьсьледаваньне пачалося толькі праз два месяцы — пасьля ўмяшаньня Камітэту дзяржбясьпекі. Далей расьсьледаваньнем справы займаліся ўжо сьледчыя КДБ.
У апошнім слове Максім Валеўка прасіў суд «пры вынясеньні прысуду не глядзець на іншую сілу і структуру, якая стаіць за гэтай справай».
«Можа, гэта некарэктна. Але павінен папрасіць суд пры вынясеньні прысуду не глядзець на іншую сілу і структуру, якая стаіць за гэтай справай», — заявіў Максім Валеўка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды тэлефон падзела, с...ка?» 5 гучных гісторыяў аб гвалце, у якім абвінавачвалі сілавікоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Білі, катавалі, мачыліся на галаву — 10 фактаў гвалту, у якіх падазраюць беларускіх міліцыянтаў