Пра сувязь знаходжаньня на адкрытым паветры са здароўем вачэй на сайце sharecare.com пішуць яго сталыя аўтары, дактары мэдыцыны Мэхмэт Оз і Майкл Ройзэн.
Тэлевізар або шпацыр
Дасьледаваньні паказваюць, што калі дзеці ва ўзросьце ад 14 да 19 гадоў і дарослыя ва ўзросьце ад 20 да 39 гадоў адкладуць убок кнігі, адыдуць ад кампутараў і тэлевізараў, каб выйсьці на адкрытае паветра і сонечнае сьвятло, яны маюць значна менш шанцаў стаць блізарукімі.
Таксама гэта тычыцца і тых людзей, хто мае ў крыві высокі ўзровень лютэіну — каратыноіду, які ўтрымліваецца ў вырашчанай на адкрытым паветры зялёнай ліставой гародніне.
Вынікі новага дасьледаваньня
Дасьледаваньне, вынікі якога былі апублікаваныя ў часопісе JAMA Ophthalmology, паказвае, што знаходжаньне на адкрытым паветры мае ключавое значэньне для прадухіленьня блізарукасьці.
Лекары дакладна ня ведаюць, чаму ўзьнікае такі эфэкт. Ці гэта адбываецца з прычыны ўзьдзеяньня сонечнага сьвятла (у прыватнасьці, ультрафіялетавых прамянёў) ці з прычыны таго, што падчас знаходжаньня на адкрытым паветры мы часта глядзім на далёкія аб’екты.
Затое дакладна вядома, што лютэін у вялікіх колькасьцях адкладаецца ў сятчатцы вока, у тым ліку каля макулы — вобласьці найбольш вострага зроку. Лютэін, нароўні з антыаксыдантам зэаксантынам і кіслатой Амэга-3, забясьпечвае абарону ад узроставай макулярной дэгенэрацыі.
Парады мэдыкаў
Лекары раяць прынамсі 90 хвілін фізычнай актыўнасьці ў дзень для школьнікаў старэйшых клясаў, лепш за ўсё на адкрытым паветры. Гэта ня толькі прынясе карысьць для вачэй, але і паспрыяе барацьбе з атлусьценьнем, выкліча упэўненасьць у сабе і дапаможа рэгуляваць эмоцыі.
Для дарослых актуальнаю застаецца мэта зрабіць 10 000 крокаў у дзень (ізноў жа, на адкрытым паветры, калі гэта магчыма).
І кожны павінен штодзень зьядаць некалькі порцый багатай на лютэін зеляніны — гэта розныя віды капусты, шпінат, салаты і т. д.