Нарвэгія пачала татальную палітыку электрыфікацыі транспарту — і тым самым, па сутнасьці, пачала на сваёй тэрыторыі маштабны экспэрымент, які павінен адказаць на пытаньне: «Ці здольны электрычны транспарт вырашыць экалягічныя праблемы Зямлі?»
З 2025 Нарвэгія мае намер цалкам забараніць ўвоз і продаж новых аўтамабіляў з бэнзінавымі і дызэльнымі рухавікамі. За гэты час урад абавязваецца забясьпечыць краіну ўсёй неабходнай інфраструктурай для аўто з электрычнымі рухавікамі і перавесьці на электрычнасьць ўвесь грамадзкі транспарт.
Амбіцыйныя пляны Нарвэгіі датычаць ня толькі наземных перавозак, але і паветраных. Улетку сёлета над небам Осла зрабіў свой першы тэставы палёт двухмесны электрычны самалёт славенскай вытворчасьці Alpha Electro G2. Ён мае стаць прататыпам вялікіх пасажырскіх самалётаў, якімі Нарвэгія імкнецца замяніць частку свайго авіяпарку. Паводле плянаў ураду, да 2040 году ўсе ўнутраныя авіярэйсы краіны павінны ажыцьцяўляцца самалётамі з электрычнымі рухавікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расеец прадаў кватэру, каб распрацоўваць у Менску зарадныя станцыі для электрамабіляў. ВІДЭАДзяржаўнае заахвочваньне ад 1990-х да сёньня
Грамадзяне Нарвэгіі маюць шэраг стымулаў і заахвочваньняў на куплю электрамабіляў. Перш за ўсё — кіроўцы электрамашын ня плацяць за падзарадку акумулятараў. Бясплатнымі станцыямі абсталяваны наземныя прыпынку і гаражы па ўсёй краіне. Акрамя таго, кожны горад мае свае рэгіянальныя праграмы заахвочваньня. Напрыклад, у непрацоўны і начны час на закрытых прыватных паркінгах у цэнтры Осла, дзе паўгадзіны стаянкі каштуе каля двух даляраў, электрамашыны могуць паркавацца бясплатна.
Першыя стымулы для куплі электракараў у Нарвэгіі ўвялі яшчэ ў пачатку 1990-х. Тады аўтамабілі з электрычнымі рухавікамі вызвалілі ад падатку на імпарт. Пасьля для электратранспарту адмянілі дарожныя зборы і падатак на дададзеную вартасьць. Цяпер агульны аб’ём дзяржаўных субсыдый на падтрымку электрамабіляў у Нарвэгіі ацэньваецца ў пяць мільярдаў даляраў.
Уладальнікі электрамабіляў ня плацяць за язду платнымі аўтабанамі і маюць 50% скідкі на карыстаньне паромамі. Акрамя таго, кіроўцы электрычнага транспарту могуць свабодна перасоўвацца аўтобуснымі палосамі руху, за што кіроўцы дызэльных і бэнзінавых аўтамабіляў караюцца штрафам у 5350 крон (каля 450 даляраў ЗША).
«Язда аўтобуснай паласой істотна эканоміць мой час. Асабліва гэта адчувальна раніцай, калі я еду на працу, і ўвечары, калі вяртаюся назад. Пакуль большасьць стаіць у заторах, я імгненна пераадольваю адлегласьць», — распавядае ўладальнік машыны з электрычным рухавіком, прадстаўнік Нарвэскай асацыяцыі электрычнага транспарту Пэтэр Хэўгнэлан.
Ня выключана, што як толькі краіна дасягне мэты і колькасьць электратранспарту істотна перавысіць колькасьць бэнзінавых і дызэльных машын, шматлікія дзяржаўныя заахвочваньні зьнікнуць, кажа Хэўгнэлан. Але цяпер для большасьці аўтаўладальнікаў дзяржаўныя стымулы адыгрываюць ролю ў прыняцьці рашэньня на карысьць куплі машыны з электрычным рухавіком.
Паводле дадзеных асацыяцыі, колькасьць легкавых электрамабіляў у Нарвэгіі складае 7% ад аўтапарку і ўпэўнена набліжаецца да адзнакі у 200 000. Такім чынам, паводле колькасьці зарэгістраваных легкавых электрамабіляў на сваёй тэрыторыі 5-мільённая Нарвэгія займае першае месца ў Эўропе і чацьвёртае ў сьвеце пасьля Кітаю, ЗША і Японіі.
У неба ад разэткі
Электрычны самалёт падняўся ў неба над аэрапортам Осла летам сёлета, фактычна пачаў новую эру авіяперавозак. Першым пасажырам на борце двухмеснага Alpha Electro G2 стаў міністар транспарту Нарвэгіі Кэтыль Сульвік-Ульсэн. Для поўнай зарадкі апарата патрабуецца каля гадзіны, пасьля чаго ён здольны пераадолець 130 кілямэтраў у небе.
Нарвэгія стала першай краінай сьвету, якая паставіла сабе мэтай перавесьці ўсе ўнутраныя авіярэйсы краіны на электрычнасьць.
«Паводле плянаў нарвэскага ўраду, да 2040 году ўсе ўнутраныя рэйсы павінны ажыцьцяўляцца электрычнымі самалётамі. Мы спадзяемся, што першы камэрцыйны рэйс адбудзецца да 2025 году. Наступным крокам стане выпрабаваньне самалётаў з больш магутнымі батарэямі, якія здольныя ўзяць на борт большую колькасьць людзей», — паведаміў прэсавы сакратар нарвэскай дзяржаўнай кампаніі кіраваньня аэрапортамі «Авінор» Крыстыян Лёкса.
Цяпер Нарвэгія працуе над тэндэрнай прапановай для самалёта, які можа зрабіць падарожжа працягласьцю паўтары гадзіны і браць на борт 19 пасажыраў.
Але пакуль электрычнага апарата, які б адпавядаў такім патрабаваньням, ніводная з авіябудаўнічых кампаній сьвету не пабудавала.
Масавая электрыфікацыя наземнага і паветранага транспарту абумоўлена імкненьнем Нарвэгіі зьнізіць колькасьць шкодных выкідаў у атмасфэру.
«Наша мэта, як і мэта ўсіх краін, якія падпісалі Парыскае кліматычнае пагадненьне, — зрабіць усё магчымае з таго, што ад нас залежыць, каб не дапусьціць павышэньня сярэдняй тэмпэратуры на плянэце. Мы разьлічваем, што да 2030 году Нарвэгія зьменшыць колькасьць выкідаў у атмасфэру на 3%. А да 2050 году мы станем грамадзтвам, якое вырабляе мінімальную, наколькі гэта магчыма, колькасьць выкідаў. Гэта — галоўная мэта», — заявіў дзяржаўны сакратар Міністэрства клімату і навакольнага асяродзьдзя Нарвэгіі Атле Хамар.
Парыскае кліматычнае пагадненьне, якое ў сьнежні 2015 году падпісалі 195 краін сьвету, накіраванае на барацьбу з глябальнымі зьменамі клімату. Галоўная мэта пагадненьня — не дапусьціць росту сярэдняй тэмпэратуры на плянэце больш чым на 2°C. У адпаведнасьці з пагадненьнем, усе ўдзельнікі дамовы павінны прыняць меры для зьніжэньня небясьпечных выкідаў у атмасфэру. Уклад кожнай краіны можна будзе ацаніць у 2023 годзе, калі ўрады краін дадуць справаздачу аб праведзенай рабоце і пададуць першыя вынікі сваіх дасягненьняў.