Ці дапаможа сьцёб перамагчы дыктатуру? Выбачэньне перад помнікам гарадавому за поўху, шалік і пацалункі, сьцёб як самавыражэньне і форма барацьбы. Гэтыя тэмы ў Зоне Свабоды абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Зьміцер Бартосік, Валянцін Жданко і Ганна Соўсь.
«Сямён Нябаба — самы славуты гарадавы ў клясычнай савецкай літаратуры»
Ганна Соўсь: Валянцін, як вы мяркуеце, чаму гэта адбылося менавіта з помнікам гарадавому? У беларускіх гарадах шмат розных помнікаў, пераважна дзеячам савецкай эпохі. Можна ж было адвешваць поўхі іншым помнікам. Ці патрабавалі б выбачэньняў за іх?
Валянцін Жданко: Той, хто выбіраў для скульптуры вобраз гарадавога, на маю думку, ці то не разумеў, ці сьвядома ігнараваў, як гэты вобраз замацаваўся ў грамадзкай сьвядомасьці за апошнія 100-150 гадоў. Да рэвалюцыі ў вачах лібэральнай інтэлігенцыі, рэвалюцыянэраў-дэмакратаў, гарадзкой беднаты вобраз гарадавога — гэта быў сымбаль самадзяржаўя, самаўладзьдзя, гвалту. Мы гэта выразна бачым па літаратурных творах таго часу, па тым, што пісалі рэвалюцыянэры пра гарадавых. Напрыклад, Ленін заклікаў рабочыя атрады трэніравацца на зьбіцьці гарадавых.
Пасьля рэвалюцыі, калі зьмяніліся пакаленьні, калі адышло тое пакаленьне, якое непасрэдна кантактавала зь імі, адбыўся пэўны перагляд вобразу гарадавога. Я адважуся сьцьвярджаць, што самым славутым гарадавым у клясычнай савецкай літаратуры быў гарадавы, адлюстраваны ў рамане Ільфа і Пятрова «Залатое цяля», пра якога расказваў Панікоўскі Шуру Балаганаву. Прывяду цытату: «Раней я плаціў гарадавому на рагу Храшчаціка 5 рублёў на месяц, і мяне ніхто не чапаў. Гарадавы сачыў нават, каб мяне не крыўдзілі. Добры быў чалавек. Прозьвішча яго было Нябаба, Сямён Васільевіч. Я яго нядаўна сустрэў. Ён цяпер музычны крытык». Вось такім гарадавы запомніўся для многіх пакаленьняў савецкіх людзей, і дагэтуль гэты вобраз існуе. Абсалютна такі беспрынцыпны, зладзеяваты, хітраваты, ахоўвае Панікоўскага-шчыпача, каб яго ня крыўдзілі падчас ягонай «працы» па ачыстцы кішэняў мірных абывацеляў у Кіеве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саўка ды Грышка пра «морду гарадавога»Яшчэ адзін падобны прыклад, які вельмі часта бачаць людзі, які зафіксаваўся ў грамадзкай сьвядомасьці. Вы памятаеце славуты фільм Разанава «О бедном гусаре замолвите слова». Ён пра эпоху сярэдзіны 19 стагодзьдзя, і там паказаныя сьмешныя, прыдуркаватыя турэмшчыкі ў форме гарадавых, якія катуюць палітвязьняў, гуляюць зь імі ў карты, апрабоўваюць машынку для катаваньняў для зашчамленьня пальцаў. Гэты фільм вельмі часта паказваюць на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, у тым ліку ў Беларусі. Сапраўды іранічны погляд на тую эпоху. Разанаў найперш меў на ўвазе савецкія рэаліі найперш, але яны вельмі калярытна паказаныя і такімі замацаваліся — хамаватыя, абмежаваныя, зь нізкай адукацыяй людзі. Вось такім гарадавы паўстае для сучаснага беларуса, для сучаснага чалавека на постсавецкай прасторы.
«Назапашваецца раздражненьне тым, што зь міністэрствам зьвязаныя ўсякага роду скандалы»
Ганна Соўсь: На інцыдэнт з выбачэньнямі перад помнікам адрэагавала і БТ. У штотыднёвай гумарыстычнай перадачы дзяржаўнае тэлебачаньне даволі зьедліва праехалася па міліцыі. Чаму? Афіцыйныя мэдыя могуць пакрытыкаваць нейкага старшыню райвыканкаму, ды і тое, калі ён ужо пакараны за нейкія хібы ў працы. А сілавое міністэрства — яно ж нібы недатыкальнае. Ці не? Што гэта азначае?
Юры Дракахруст: Гледзячы па ўсім, датыкальныя. Гэты эпізод убудоўваецца ў больш шырокі кантэкст усякага кшталту скандалаў, якія віруюць вакол міністэрства. Знакаміты адказ міністэрства брытанскай амбасадзе на вывешаны вясёлкавы сьцяг з выказваньнем нейкіх ідэалягічных скрэпаў. Як бы на баку дзяржавы, на баку афіцыйных каштоўнасьцяў. Гэты скандал шмат каму не спадабаўся ў тым ліку і наверсе. Міністар замежных справаў Макей сказаў, маўляў, трэба думаць, што робіш.
Таксама можна прыгадаць два выпадкі, калі міністэрства фактычна шчоўкнулі па носу з самага верху. Калі яно прапаноўвала спыніць начны гандаль алькаголем у Менску, а Лукашэнка гэта скасаваў, і сытуацыя з законам аб хатнім гвалце. Таксама МУС гэта ініцыявала, рыхтавала, а Лукашэнка гэта ўсё згарнуў. У дадзеным выпадку сэнс ня ў тым, што, на чыйсьці погляд, кепска, а што добра. Адны могуць лічыць, што вясёлкавы сьцяг трэба вывешваць і патрэбны закон аб барацьбе з хатнім гвалтам... Але такое ўражаньне, што ва ўлады назапашваецца нейкі досьвед раздражненьня тым, што зь міністэрствам зьвязаныя ўсякага роду скандалы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БТ высьмеялі выбачэньне перад скульптурай гарадавогаГэтая сытуацыя з гарадавым, над якой сьмяюцца ў Беларусі, сьмяюцца ў Расеі і Ўкраіне, і ў гэтым сэнсе сьмяюцца над беларускай дзяржавай, магчыма гэта і прарвалася ў перадачы БТ. Гэта адлюстравала прынамсі некаторыя настроі, якія ёсьць ня толькі ў грамадзтве, але і ў беларускай уладзе. Ці будуць з гэтага арганізацыйныя высновы? Невядома, але могуць быць, таму што сапраўды ў Беларусі гэта даволі беспрэцэдэнтная рэч, калі БТ сьцябаецца з міліцыі.
«Хочаш сапраўдных прыгод у Беларусі? Зь міністрам-энкавэдзістам, з допытамі?»
Ганна Соўсь: А ці ня можа менскі гарадавы стаць своеасаблівым культавым месцам для моладзі і турыстаў? А, гэта той, перад кім выбачаліся, прыкольна зь ім сфоткацца, пацалаваць там, сабачку пакарміць. Ці такое можа быць?
Зьміцер Бартосік: Калі ўявіць, што ноччу, калі людзі сьпяць, помнікі ажываюць, то Ўладзімер Ільіч Ленін ідзе праз увесь горад да Калініна ці Калінін да яго, Купала з Коласам ідуць у госьці да Багдановіча, пэрсанажы Вялікага Княства Літоўскага сустракаюцца ў Верхнім горадзе... Ва ўсіх ёсьць свая кампанія, усім ёсьць зь кім выпіць. Нават гэтым фігурам скульптара Жбанава ў Міхайлаўскім сквэры таксама ёсьць што ўзгадаць — тыя ж дзевяностыя. А вось гарадавому няма да каго пайсьці, ён абсалютна адзін, у яго няма кампаніі, у яго няма абсалютна ніякага кантэксту. Ён — змрочны помнік, які ўвасабляе самадзяржаўе. Ён змрочны ўжо тымі гісторыямі, якія вакол яго адбываюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Помнік, даруй!Празь яго нават ня трэба прапускаць ніякі ток. Ён ужо пад камэрамі. Ведаеце, гэта такі будзе ня сьцёб, а экстрэмальны атракцыён. Хочаш сапраўдных прыгод у Беларусі? Зь міністрам-энкавэдзістам, з допытамі? Калі ласка, ідзі на гэтую вуліцу да гэтага помніка і што-небудзь яму зрабі. Гэта будзе цікава. Незабыўна.