Рамонт верталётаў, стварэньне ўласных бесьпілётнікаў, абарона ад вірусных праграм — такія пляны агучыў кіраўнік вайскова-прамысловага камітэту Раман Галоўчанка.
Паводле Галоўчанкі, аршанскі авіярамонтны завод ужо атрымаў замовы на рамонт верталётаў Мі-8/17 i Мі-24. Магчымы прыбытак ад гэтага — 80 мільёнаў даляраў на год, распавёў Раман Галоўчанка ў інтэрвію «Беларусь-1».
У будучыні на заводзе плянуюць стварыць уласны бесьпілётнік. Раней Аляксандр Лукашэнка даў даручэньне стварыць бесьпілётнік, які можа несьці груз у 1 тону і болей.
Сказаў Галоўчанка пра інфармацыйную абарону, кібэрзброю ды шкодныя праграмы, узгадаўшы вірусныя атакі WannaCry і Petya.
«Больш за 30 краін ужо валодае кібэрзбояй, гэта спэцыяльныя комплексы, якія скіраваныя на тое, каб выводзіць з ладу сыстэмы кіраваньня ў іншых краінах, паралізоўваюць эканамічную актыўнасьць», — выказаў насьцярожанасьць Галоўчанка.
І адзначыў, што айчыннаму ВПК варта працаваць у гэтым накірунку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 86% беларусаў гатовыя ваяваць за БеларусьБеларусь цалкам можа стварыць рэсурс, каб весьці такія дзеяньні ў кібэрпрасторы, распавёў Свабодзе вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін.
«Кадры, неабходныя для вядзеньня вайны ў інтэрнэт-прасторы ў нас ёсьць. Тэхніка таксама ёсьць на дастаткова высокім узроўні. Мы адстаём яшчэ ад ЗША і Японіі, але ў апошні час гэты разрыў скараціўся, дзякуючы супрацоўніцтву з эўрапейскімі краінамі. Цалкам верагодна, што падразьдзяленьні для гэтага ўжо створаныя, пра гэта былі згадкі і да Мінабароны, і ад КДБ», — сказаў вайсковы аналітык.
Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада пасьля сустрэчы з Раманам Галоўчанкам загадаў падвоіць заробкі на вайсковай вытворчасьці. Ён параіў разьвіваць як дзяржаўныя, так і прыватныя прадпрыемствы ВПК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў падвоіць заробкі на вайсковай вытворчасьці