Дэпутаты Нацыянальнага сходу большасьцю галасоў зацьвердзілі законапраекты, якія прэзыдэнт Макрон мае намер прымяніць для абароны дэмакратыі, паведамляе Le Monde.
Увечары 20 лістапада дэпутаты значнай большасьцю галасоў зацьвердзілі законы, з дапамогай якіх прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон спадзяецца прадухіліць распаўсюд чутак і фальшывых паведамленьняў падчас выбарчых кампаніяў.
Згодна з зацьверджанымі законамі, партыі ці кандыдаты атрымліваюць магчымасьць пры дапамозе паскоранай юрыдычнай працэдуры дзейнічаць супраць непраўдзівых зьвестак, якія распаўсюджваюцца публічна, на працягу трох месяцаў перад агульнанацыянальнымі выбарамі. Акрамя таго, сацыяльная сетка Facebook і сэрвіс мікраблогаў Twitter павінны стаць больш адкрытымі да кантэнту, які распаўсюджваецца за плату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі прапанаваў прыняць закон аб барацьбе з «фэйкавымі навінамі»Паводле Макрона, ён хоча абараніць «дэмакратычнае жыцьцё» ў Францыі ад фэйкавых навінаў.
Раней францускі прэзыдэнт абвінавачваў такія расейскія мэдыя, як тэлеканал Russia Today (RT) і агенцтва Sputnik, у мэтанакіраваным распаўсюдзе спэкулятыўнай інфармацыі пра яго ў пэрыяд выбарчай кампаніі. Гэта рабілася з мэтай уплыву на францускія выбары, лічыць Макрон. Гэтыя расейскія рэсурсы былі папярэджаныя за распаўсюд ілжывых зьвестак урадавым агенцтвам радыё і тэлевяшчаньня Францыі.
На думку крытыкаў, з дапамогай новых законаў Макрон можа ўзяць пад кантроль непажаданую для яго інфармацыю, увесьці цэнзуру і абмежаваць свабоду слова для грамадзян і СМІ, піша Нямецкая хваля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі абмяркоўваюць закон аб забароне фэйкавых навінаў. Відэа