Пашыньян: Лукашэнка пакуль не адгукнуўся

Аляксандар Лукашэнка і Нікол Пашыньян у Астане, 8 лістапада 2018

Выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Армэніі Нікол Пашыньян сказаў журналістам 20 лістапада, што будзе пасьлядоўна і ў атмасфэры партнэрства абараняць інтарэсы Армэніі ў сувязі з выбарам новага генэральнага сакратара АДКБ.

«Калі кансэнсусу ня будзе, мы працягнем працу ў кірунку яго дасягненьня, паколькі рашэньні ў АДКБ прымаюцца на аснове кансэнсусу», — дадаў ён.

Пасада генэральнага сакратара АДКБ вакантная ад 2 лістапада. Да гэтага яе займаў былы начальнік Генштабу Ўзброеных сіл Армэніі Юрый Хачатураў, якога Ерэван датэрмінова адклікаў пасьля выстаўленьня абвінавачаньня ў замаху на канстытуцыйны лад у справе аб падзеях 1 сакавіка 2008 года ў Ерэване.

8 лістапада на саміце АДКБ у Астане краіны-ўдзельніцы гэтай арганізацыі так і не прыйшлі да пагадненьня ў пытаньні прызначэньня новага генэральнага сакратара і вырашылі працягнуць абмеркаваньне 6 сьнежня на саміце ў Санкт-Пецярбургу.

Пасьля саміту ў Астане прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў з паслом Азэрбайджану ў Беларусі пытаньне прызначэньня новага генеральнага сакратара АДКБ, адзначыўшы, што на ратацыйнай аснове наступным генэральным сакратаром арганізацыі павінен стаць прадстаўнік Беларусі і што ў яго ёсьць тры кандыдаты на гэтую пасаду. Нікол Пашынян заявіў, што запатрабуе тлумачэньняў у прэзыдэнта Беларусі. Сёньня, камэнтуючы гэтую сытуацыю, Пашыньян адзначыў:

«Сам я асабіста сказаў тое, пра што хацеў сказаць, і ў гэтым пытаньні маім суразмоўцам зьяўляецца асабіста прэзыдэнт Беларусі, ад якога я на дадзены момант не атрымаў якога-небудзь водгуку. Тое, пра што я казаў, застаецца ў сіле, і няма ніякіх сумненьняў у тым, што тое, пра што я казаў, адбудзецца, гэта значыць, я запатрабую тлумачэньняў аб тым, што адбылося, і пра шэраг іншых працэсаў».

Сёлета Беларусь як краіна, якая знаходзіцца ў адным вайскова-палітычным блёку з Армэніяй — АДКБ — падпісала з Азэрбайджанам кантракт на пастаўку дзесяці рэактыўных сыстэмаў залпавага агню «Палянэз» пры тым, што Азэрбайджан у Дамову калектыўнай бясьпекі не ўваходзіць.