Прэсавая сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна, якую ўлады абавязалі выехаць на год зь Беларусі, 20 лістапада сустрэлася з амбасадаркай Вялікай Брытаніі ў Менску Фіёнай Гіб.
«Гэтую сустрэчу ініцыявала амбасадарка Яе Вялікасьці. Мы зь ёй абмеркавалі маю сытуацыю. Камэнтаваць размову я не ўпаўнаважаная. Але спадарыня Гіб паабяцала мне данесьці інфармацыю да Міністэрства замежных спраў сваёй краіны», — сказала актывістка АГП Свабодзе.
Ганна Красуліна дадала, што яе праблемы зацікавілі і іншых дыпляматаў, якія акрэдытаваныя ў Беларусі. Так, на 21 лістапада актывістка АГП запрошаная на сустрэчу з кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын.
Расейская амбасада толькі чакае звароту Красулінай
Прэсавая сакратарка — грамадзянка Расеі. Яна кажа, што расейскія дыпляматы ведаюць пра яе справу. Але ініцыятывы зь іх боку няма.
«Яны чакаюць майго звароту. Але ў амбасаду Расеі я не магу пайсьці і проста распавесьці пра маю сытуацыю. З дапамогай свайго адваката я рыхтую адмысловы зварот да амбасадара Бабіча. Як толькі дакумэнт будзе гатовы, зьвярнуся да дыпляматаў-суайчыньнікаў», — тлумачыць Ганна Красуліна.
Яе асабліва трывожыць лёс бацькоў, якіх яна перавезла ў Менск. Яны хворыя, у сталым узросьце. І без дачкі ім будзе вельмі цяжка.
Рыхтуецца апэляцыя на высылку
Адвакаткай Красуліны стала Натальля Мацкевіч, якая абараняла Алену Танкачову — расейскую грамадзянку, праваабаронцу, якую ўлады выслалі зь Беларусі на тры гады ў 2014-м.
«Да 30 лістапада я павінна перадаць апэляцыю на рашэньне менскай міліцыі аб маёй высылцы. І мы гэта абавязкова зробім. А што будзе далей — пабачым. У любым выпадку 30 лістапада я не выяжджаю зь Беларусі», — кажа актывістка АГП.
Ганна Красуліна кажа, што яна хоча бліжэйшы час ператварыць у час «прафэсійнага і асабістага росту».
«Я хачу альбо працаваць у блізкіх мне сфэрах, альбо прайсьці стажыроўку, напрыклад, у парлямэнтах ці мэрыях эўрапейскіх краін. А затым скарыстаць досьвед, які я там атрымаю, у Беларусі. І тым самым даказаць уладам — як вы нас ні выкідаеце, мы ўсё роўна робімся мацнейшымі».
За што высылаюць Красуліну?
Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, прычынай высылкі сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:
- 2016 год — дазволены пікет для збору подпісаў падчас выбарчай кампаніі;
- 2017 год — несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, калі Красуліна сустракала з ізалятара затрыманых пасьля Дня Волі 2017 году. Штраф за «несанкцыянаваную акцыю» Красуліна выплаціла своечасова;
- Сакавік 2018-га — заплачаны на месцы штраф за безьбілетны праезд у грамадзкім транспарце.
У АГП сьцьвярджаюць, што матывы рашэньня палітычныя.
Ганна Красуліна
Ганна Красуліна працуе прэсавай сакратаркай АГП з 2011 году. Падчас выбарчай кампаніі 2006 году распрацоўвала інфармацыйныя матэрыялы для кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, у 2010 годзе — для Яраслава Раманчука.
Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства, у яе самой — пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году.