Украінскія ўласьнікі так званых «эўраблях», неразмытненых аўтамабіляў з краінаў Эўразьвязу, абвясьцілі бестэрміновы страйк, каб дамагчыся спрошчаных умоваў для перарэгістрацыі іх транспартных сродкаў і зьніжэньня падаткаў пры ўвозе на ўкраінскую тэрыторыю.
Для абароны сваіх інтарэсаў аўтамабілісты стварылі грамадзкую арганізацыю «Эўрасіла», якая стала арганізатарам акцыі пратэсту.
Пратэсты па ўсёй Украіне
Сёньня як мінімум у двух кірунках — Беларусі ды Польшчы — уласьнікі аўтамабіляў з эўрапейскімі нумарамі блякуюць міжнародныя аўтамабільныя трасы.
Як паведаміў Свабодзе каардынатар акцыі ў Чарнігаўскай вобласьці Дзьмітры Юмаеў, у кірунку Беларусі на памежным пункце пропуску Новыя Ярылавічы — Новая Гута ўдзельнікам пратэсту ўдалося часткова абмежаваць рух:
«Мы разьмяшчаемся такім чынам, каб мог праехаць пасажырскі і прыватны транспарт, і ўскладняем рух грузавога транспарту. Цяпер на пад’езьдзе да памежнага пункту пропуску ўжо каля 150 нашых аўтамабіляў, і падцягваюцца іншыя».
У той жа час мытнікі і памежнікі, якія працуюць на міжнародным пункце пропуску «Новыя Ярылавічы», у размове са Свабодай падкрэсьлілі, што працуюць у «нармальным рэжыме». «Ніякіх абмежаваньняў няма», — паведаміў чарговы мытнік.
У прэсавай службе Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны дадалі, што паблізу пункту пропуску працуюць экіпажы паліцыі, каб не дапусьціць правапарушэньняў:
«Удзельнікі акцыі знаходзяцца на адлегласьці ад пункту пропуску. Пакуль ніякіх праблемаў у ажыцьцяўленьні руху няма».
Аўтамабілісты блякуюць аўташляхі ў 22 абласьцях Украіны, а таксама пікетуюць парлямэнт. У Роўненскай вобласьці на трасе Кіеў — Чоп адбыліся сутыкненьні ўдзельнікаў акцыі з паліцыяй.
Беларусы дапамагалі ўкраінцам парушаць мытнае заканадаўства
Паводле зьвестак Дзяржаўнай фіскальнай службы, ва Ўкраіне знаходзіцца звыш 315 000 аўтамабіляў з замежнай рэгістрацыяй. Больш за траціну — 125 000 — з парушэньнем тэрміну знаходжаньня. Да ўвозу такіх аўтамабіляў на тэрыторыю Ўкраіны часта далучалі і грамадзян Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусаў выкарыстоўваюць для ўвозу ва Ўкраіну аўтамабіляў на нумарах ЭўразьвязуСхема працавала наступным чынам: аўтамабіль з тэрыторыі Эўразьвязу ў рэжыме транзыту ўяжджае ва Ўкраіну. У такім статусе машына мае права знаходзіцца ў краіне ня больш за 10 дзён. За гэты час аўтамабіль едзе на іншы пункт пропуску, напрыклад на мяжы зь Беларусьсю. Машына выяжджае з Украіны, аднак у Беларусь не заяжджае.
На нэўтральнай тэрыторыі ў аўтамабіль сядае грамадзянін Беларусі, які мае даверанасьць ад уладальніка машыны. Беларус уяжджае ва Ўкраіну, выходзіць з машыны і неўзабаве, часам пешшу, вяртаецца ў Беларусь. Аўтамабіль жа застаецца ў карыстальніка-ўкраінца, які таксама атрымлівае даверанасьць ад уласьніка. Пры дапамозе беларусаў украінцы могуць год езьдзіць на іншамарцы, ня плацячы мыта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусаў выкарыстоўваюць для ўвозу ва Ўкраіну аўтамабіляў на нумарах ЭўразьвязуШто прапануе ўлада
Уласьнікі аўтамабіляў з эўрапейскімі нумарамі ад 2016 году пэрыядычна праводзяць акцыі пратэсту з патрабаваньнямі зьменшыць падаткі пры ўвозе ўжываных машын з Эўропы і спрасьціць працэдуру іх легалізацыі. Пасьля двух гадоў перамоў паміж уладамі і грамадзкай арганізацыяй «Эўрасіла» Вярхоўная Рада Ўкраіны на пачатку лістападу ўхваліла закон аб зьніжэньні падаткаў.
Такім чынам, цяпер кошт увозу бэнзінавага аўтамабіля да пяці гадоў з рухавіком 2000 кубічных сантымэтраў складае 500 эўра, а дызэльнага да 10 гадоў з рухавіком 1600 кубічных сантымэтраў — 1200 эўра. Адначасова парлямэнт абмежаваў колькасьць аўтамабіляў, якія можа ўвезьці грамадзянін без грашовага забесьпячэньня на мытную тэрыторыю Ўкраіны, і ўзмацніў адказнасьць за парушэньне мытных правілаў, павялічыўшы штраф да 34 тысяч грыўняў (больш як 1 тысяча даляраў у эквіваленце).
У арганізацыі «Эўрасіла» назвалі гэты закон «крыжовым паходам» супраць уласьнікаў эўрапейскіх аўтамабіляў і абвясьцілі аб правядзеньні з 20 лістапада ўсеўкраінскай акцыі пратэсту.
Беларусам раяць выбіраць пункты пропуску
У адміністрацыі Гомельскага аб’яднанага аўтавакзалу паведамілі Свабодзе, што на сёньняшні дзень ніякіх зьменаў у руху аўтобусаў Гомель — Чарнігаў і Чарнігаў — Гомель няма.
«Усе працуюць паводле графіку, аўтобусы на Чарнігаў ідуць згодна з раскладам руху, праз кожныя дзьве гадзіны. Больш інфармацыі ў нас няма, як будуць далей разьвівацца падзеі, мы ня ведаем», — зазначыла кіраўніцтва аўтавакзалу.
На беларускім памежным пункце пропуску «Новая Гута» адказалі, што на гэты момант уладальнікі «эўраблях» прадоўжылі свой страйк з украінскага боку, у раёне пункту пропуску «Новыя Ярылавічы», і таму могуць быць праблемы і затрымкі пры руху на ўкраінскую тэрыторыю.
Памежнікі раяць выбіраць іншыя пункты пропуску — «Камарын», «Аляксандраўка», «Весялоўка» — і дадаюць, што там пакуль няма страйку.