Два беларускія прадпрыемствы трапілі пад украінскія санкцыі за гандаль з акупаванымі тэрыторыямі

©Shutterstock

Два беларускія прадпрыемствы — «Сьвет піва» (Менск) і Мазырскі сьпіртагарэлачны завод — трапілі пад украінскія санкцыі за гандаль з акупаванымі тэрыторыямі, паведаміў намесьнік міністра замежных спраў Украіны Васіль Боднар на сустрэчы зь беларускімі журналістамі ў Кіеве 19 лістапада.

Паводле яго, рашэньне аб санкцыях было прынята сёлета Радай нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, паведамляе БелаПАН.

«Гэта прыватныя прадпрыемствы, але яны стануць пэўным прыкладам рэакцыі з боку афіцыйнага Кіева, — падкрэсьліў дыплямат. — Нас не задавальняе ўзаемадзеяньне суб’ектаў прадпрымальніцтва беларускага боку з акупаванымі тэрыторыямі. Гэта разглядаецца як парушэньне нашага заканадаўства, і ў гэтым выпадку мы будзем рабіць крокі, якія прывядуць да абмежаваньня паставак прадукцыі гэтых прадпрыемстваў на тэрыторыю Ўкраіны. Страціць украінскі рынак для гэтых прадпрыемстваў будзе вельмі балюча».

Боднар сказаў, што ва Ўкраіне зьбіраюць інфармацыю пра беларускія прадпрыемствы і ўжо афіцыйна зьвярнуліся з нотай у МЗС Беларусі з просьбай папярэдзіць вытворцаў і расьсьледаваць факты нелегальных паставак на акупаваныя тэрыторыі.

«У выпадку пацьверджаньня рэакцыя з нашага боку будзе вельмі жорсткай. Нота была накіравана пасьля расьсьледаваньня ў дачыненьні „Камунаркі“. Але пакуль да „Камунаркі“ нейкіх санкцый, па маіх зьвестках, няма», — сказаў Боднар.

У жніўні 2017 году амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім у інтэрвію БелаПАН заявіў: калі ўкраінскія спэцслужбы высьветляць, што беларускія прадпрыемствы пастаўляюць прадукцыю баевікам у т. зв. «ДНР» і «ЛНР», супраць іх будуць уведзеныя санкцыі, а менавіта закрыты ўкраінскі рынак. Пры гэтым дыплямат спаслаўся на расьсьледаваньне тэлеканалу «Белсат», у якім кандытарская фабрыка «Камунарка» прызнала, што «наўпрост працуе з Данецкам».