Прэзыдэнт Эўрапейскай народнай партыі Жозэф Доль занепакоены магчымай высылкай зь Беларусі прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай.
Пра гэта Доль напісаў у «Твітэры», паведамляе БелаПАН.
«Я заклікаю ўлады Беларусі перагледзець гэтае палітычна матываванае рашэньне, якое парушае правы чалавека і міжнародныя абавязаньні краіны», — заявіў ён.
Актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі, грамадзянку Расеі Ганну Красуліну абавязалі выехаць зь Беларусі да 30 лістапада — «у інтарэсах грамадзкага парадку». Тэрмін высылкі — 1 год.
Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, прычынай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:
- 2016 год — дазволены пікет для збору подпісаў падчас выбарчай кампаніі;
- 2017 год — несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, калі Красуліна сустракала з ізалятару затрыманых пасьля Дня Волі 2017 году. Штраф за «несанкцыяваную акцыю» Красуліна выплаціла своечасова;
- Сакавік 2018-га — заплачаны на месцы штраф за безьбілетны праезд у грамадзкім транспарце.
У АГП сьцьвярджаюць, што матывы рашэньня палітычныя. Красуліна заявіла, што будзе абскарджваць рашэньне міграцыйнай службе ў судзе.
Хто такая Ганна Красуліна?
Ганна Красуліна працуе прэсавай сакратаркай АГП з 2011 году. Падчас выбарчай кампаніі 2006 году распрацоўвала інфармацыйныя матэрыялы для кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, у 2010 годзе — для Яраслава Раманчука.
Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства, сама яна мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году. Сваіх бацькоў Красуліна таксама перавезла ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратарку апазыцыйнай партыі высылаюць зь Беларусі за неаплачаны праезд у транспарце. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: «Справа прэс-сакратаркі АГП — палітычная, у іншых выпадках да высылкі не даходзіць»