Пра гэта паведамляецца на сайце Швэдзкай акадэміі. Акадэмія пасьля кансультацыяў з Нобэлеўскім фондам стварыла новы камітэт для прысуджэньня прэміяў па літаратуры ў 2019 і 2020 гадах. У склад камітэту ўвайшлі 5 чальцоў акадэміі і 5 зьнешніх экспэртаў.
Акадэмію у камітэце будуць прадстаўляць пісьменьнік Пэр Вэстбэрг (старшыня), гісторык і крытык Хорас Энгдаль, паэтка і драматург Крыстына Люгн, пісьменьнік Андэрс Ульсан і філёляг Еспэр Свэнбру. У камітэт таксама увайшлі Мікаэля Блюмквіст, Рэбэка Чэрдэ, Крыстафэр Леандур, Генрык Пэтэрсан і Гун-Брыт Сундстрэм.
Сёлета Нобэлеўская прэмія па літаратуры не ўручалася. Ляўрэат за 2018 год будзе вызначаны ў наступным годзе. Прычынай пераносу стаў скандал вакол Нобэлеўскага камітэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віноўнік скандалу ў Швэдзкай акадэміі атрымаў два гады турмыФранцускі фатограф Жан-Клёд Арно, муж Катарыны Фростэнсан, якая ўваходзіла ў Нобэлеўскі камітэт, быў абвінавачаны ў двух згвалтаваньнях у 2011 годзе, 18 жанчын абвінавацілі яго ў дамаганьнях. Пазьней стала вядома, што фатограф раскрываў імёны будучых ляўрэатаў пабочным асобам.
У пачатку кастрычніка 2018 году суд Стакгольму прыгаварыў Арно да 2 гадоў турмы і штрафу ў 11 тысячаў эўра. Паэтку Фростэнсан, якая ўваходзіла ў Нобэлеўскі камітэт з 1992 году, ня сталі выключаць з камітэту. Пасьля гэтага на знак пратэсту са Швэдзкай акадэміі выйшлі шасьцёра чальцоў.