Байцы расейскіх прыватных вайсковых кампаній (ПВК) і вэтэраны ўзброеных сіл і баявых дзеяньняў зьвярнуліся ў Міжнародны крымінальны суд з патрабаваньнем пачаць расьсьледаваньне супраць арганізатараў ПВК і тых, хто ім дапамагае. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў старшыня камітэта Агульнарасейскага афіцэрскага сходу Яўгеній Шабаеў.
Зварот да пракурора Міжнароднага крымінальнага суду Фату Бэнсуда падтрымалі 357 дэлегатаў з 52 рэгіёнаў Расеі, якія прадстаўляюць 18 агульнарасейскіх і міжрэгіянальных грамадзкіх арганізацый. Сам тэкст абмяркоўвалі на агульнарасейскім афіцэрскім сходзе, які прайшоў у нядзелю і называлася «ПВК. Згуба арміі — #НасТутНет». Як вынікае з дакумэнта, паводле дадзеных вэтэранскіх арганізацый, сотні людзей загінулі, ваюючы ў складзе ПВК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя доказы гібелі расейскіх наймітаў у СырыіЗа апошнія тры гады ў расейскія вэтэранскія арганізацыі паступілі тысячы скаргаў грамадзян Расеі, якія прайшлі службу ў ПВК. Савет Фэдэрацыі Расеі адмаўляе існаваньне расейскіх ПВК, але непасрэдныя ўдзельнікі гэтых фармаваньняў сведчаць пра іншае.
Вэтэраны расейскіх ПВК і сваякі загінулых наймітаў паведамляюць пра іх удзел у канфліктах у Данбасе, у Сырыі, Лібіі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Габоне, Паўночным і Паўднёвым Судане, Емэне і іншых краінах Азіі і Афрыкі. Пры гэтым расейцы ваююць за мяжой у статусе «добраахвотнікаў» і без афіцыйнага прызнаньня з боку расейскай дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бой «вагнераўцаў» з амэрыканцамі ў дэталях. Расьсьледаваньне The New York TimesПа словах Яўгенія Шабаева, у ліпені 2018 году байцы ЧВК зьвярталіся ў Адміністрацыю прэзыдэнта Расеі з прапановай легалізаваць ЧВК, але атрымалі адказ з Мінабароны, у якім арганізацыю і дзейнасьць прыватных ваенных кампаній у Расеі назвалі антыканстытуцыйнымі.
Як вынікае са звароту ў суд, вэтэраны расейскіх узброеных сіл лічаць, што «удзельнікаў ПВК пазбаўляюць прававога статусу наўмысна, з-за чаго яны не толькі не атрымліваюць належнай вэтэранам рэабілітацыйнай і эканамічнай падтрымкі з боку дзяржавы, але і прасьледуюцца паводле закону пра найміцтва.
Вэтэраны ваенных канфліктаў таксама пішуць, што расейскія ПВК і афіліяваныя зь імі кампаніі «заключаюць пагадненьні аб золата- і нафтаздабычы на міжнародным узроўні і атрымліваюць канцэсіі ў выніку афіцыйных міжурадавых перамоваў».