«Пякельная вада» для Расеі. Як будзе гінуць Данбас

"Копанка" - нелегальная вугальная шахта ў Шахтарску, Данбас, верасень 2016

Данбас, падчас вайны ці ўжо «пасьля вайны», ператворыцца ў рэгіён без уласных запасаў чыстай пітной вады. Пра гэта піша на сайце расейскай Свабоды Дзьмітры Кірылаў.

Экалягічная катастрофа ўжо здарылася, кропка невяртаньня пройдзеная, і людзі могуць толькі вывучаць сытуацыю, уключаючы ў праграмы маніторынгу якасьці пітной вады раней неактуальныя для стандартнага набору аналізаў элемэнты — да прыкладу, ртуць ці радыяактыўныя стронцый і цэзій з затопленай шахты «Юнкам».

Радыё Свабода пагутарыла як з ананімнымі крыніцамі ў Данецку і Кіеве, так і зь вядомымі навукоўцамі пра сытуацыю зь нетрамі ахопленага вайной рэгіёну. З расейскімі адмыслоўцамі, якія распрацавалі праект затапленьня ядзерных, ртутных і іншых падземных аб’ектаў Данбасу, пагаварыць нельга: іх распрацоўкі пакуль засакрэчаныя.

Не толькі ртуць

У пачатку лістападу на непадкантрольных Украіне тэрыторыях уладамі самаабвешчанай ДНР пачаўся працэс затапленьня шахты «2-біс» — часткі закрытага яшчэ ў 1995 годзе Нікітаўскага ртутнага радовішча. Аб будучым «падрыве ртутнай бомбы» ўжо заявіў кіраўнік грамадзкай арганізацыі Цэнтар ваенна-палітычных дасьледаваньняў, народны дэпутат Украіны Дзьмітро Тымчук.

Цэнтральны горны раён Данбасу сёньня як самы гарачы ў ваенным сэнсе, гэтак і самы выбухованебясьпечны у экалягічным. У трохкутніку Горлаўка — Янакіева — Тарэцк кожны з гарадоў мае, акрамя праблемных шахт, яшчэ і шматлікія склады хімічных адкідаў, вельмі небясьпечныя вытворчасьці, ртутныя радовішчы і падземныя капсулы з радыяактыўным зьмесьцівам.

Нікітаўка са спыненым ртутным камбінатам — практычна прыгарад Горлаўкі, дзе і так, акрамя шахт, якія затапляюцца, чакае свайго часу сховішча хімічных адкідаў на месцы закрытага заводу (вырабляў выбухоўку) і невядомая колькасьць небясьпечных рэагентаў на складах і ў цэхах непрацуючага хімічнага гіганту «Стырол».

Побач з Янакіевым з красавіка 2018 году затапліваюць шахту «Юнкам». Там утварылася пасьля экспэрымэнтальнага падземнага ядзернага выбуху падземная капсула, запоўненая вадкімі радыяактыўнымі адходамі.

Побач з Тарэцкам знаходзіцца вадасховішча з атрутнымі адкідамі фэнольнай вытворчасьці.

Лінія фронту праходзіць паміж Тарэцкам і Горлаўкай. Апошнія зьмены лініі фронту былі як раз у гэтых краях, падчас летніх баёў за пануючыя над мясцовасьцю шахтныя тэрыконы і пасёлкі пад імі.

Канал Северскі Данец-Данбас празь лінію фронту нясе пітную ваду для ўсяго рэгіёну. Рэчышча каналу было шматкроць пашкоджанае пры артылерыйскіх абстрэлах. Маніторынг каналу ў гэтых месцах немагчымы, затое магчымая інфільтрацыя ў яго ўсяго чаго заўгодна — ад фэнольных адкідаў да шахтавых вод з прымешкамі соляў і ў пэрспэктыве — ртутных, радыяактыўных, біяхімічных адкідаў.

Радыяцыя праз год

Самая гучная і вядомая праблема Данбасу — гэта плянавае затапленьне сховішча ядзерных адкідаў, якое ўтварылася пасьля прамысловага ядзернага выбуху 1979 году на закрытай шахце «Юнкам» (Юныя камунары) пад Янакіевам. Цяпер затапліваць сталі і закрытае ртутнае радовішча непадалёк.

Як гэта выглядае і да чаго можа прывесьці?

У так званай «ЛДНР» працэс масавага закрыцьця / затапленьня шахтаў плянаваўся мясцовымі адмыслоўцамі разам з расейскімі праектнымі інстытутамі. Мала таго, у якасьці «гуманітарнай дапамогі» расейскія навукоўцы падрыхтавалі свой прагноз разьвіцьця гідрагеалягічнай сытуацыі на Данбасе. Інстытут «Шахтапраект» (Санкт-Пецярбург) і фэдэральная ўстанова «Гідраспэцгэалёгія» падрыхтавалі праект затапленьня вадой месцы правядзеньня падземнага ядзернага выбуху на шахце «Юнкам».

Шахта "Залатое"

Па словах крыніцы Радыё Свабода ва ўрадзе «ДНР», была закрытая сустрэча расейскіх адмыслоўцаў з дэпутатамі мясцовага народнага савету і ўсімі датычнымі асобамі. Расейцы прэзэнтавалі чыноўнікам і дэпутатам самаабвешчанай рэспублікі праект «мокрай кансэрвацыі» шахты «Юнкам» і распавядалі, што нічога дрэннага ў выніку адбыцца не павінна. Да гэтага праекта камэру з вадкімі адкідамі ядзернага выбуху трымалі ў «сухой кансэрвацыі» 39 гадоў.

Доктар тэхнічных навук, вядомы гідрагеоляг Яўген Якаўлеў з Кіева з калегамі ўвесь апошні год вывучаў сытуацыю ў Цэнтральным горным масіве Данбасу і добра разумее, што адбываецца пры затапленьні радыяактыўнага абʼекту каля Енакіева і іншых шахтаў.

Украінскія экспэрты мяркуюць, што пры рэалізацыі праекту, распрацаванага расейскімі навукоўцамі, залпавага выкіду радыяцыі ў ваданосныя пласты, аднамомантавага трапляньня яе ў значных маштабах у вадазбор Северскага Данца і вынасу яе з вадой у Расею быць не можа. Усё будзе адбывацца павольна, паступова, на працягу некалькіх гадоў, а значыць, не па катастрафічным сцэнары і «потым».

«Абʼём горных выпрацовак шахты „Юнкам“ так вялікі, што нават калі там за адзін раз усё растварыць (а там прыкладна 50 кюры), у любым выпадку гэта будзе ў мільён разоў менш, чым Чарнобыль. Выкіду катастрафічнага чакаць не даводзіцца, але зьяўленьня радыянуклідаў у пітных гарызонтах выключаць нельга» — тлумачыць Яўген Якаўлеў.

На думку навуковай групы, якая працавала з Якаўлевым, сытуацыя з радыяактыўнай капсулай прыйдзе да завяршэньня праз год, гэта значыць вада да яе падыдзе да восені 2019 году. Украінскія навукоўцы дамагаюцца ўключэньня ў дзяржаўны маніторынг якасьці пітной вады праграмы аналізаў на радыяактыўны стронцый і цэзій. Улада іх пакуль не чуе — шахту «Юнкам» залье пасьля ўкраінскіх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў.

Вада з шахт будзе ўздымацца і ў рэшце рэшт узьнімецца на ўзровень вадазбору рэкаў Северскі Данец, Кальміюс і рэзэрвовых крыніц пітной вады. Асноўная пагроза для рэгіёну — страта ўсіх рэзэрвовых крыніц пітной вады. Страта працы ў монагарадах вакол шахт, страта інфраструктуры, страта саміх гарадоў.

Месцы, дзе цяпер стаяць Горлаўка і Тарэцк, раней былі балоцістай мясцовасьцю, поўнай рачулак і ручаёў. З разьвіцьцём горнай справы ўся гэтая вада сышла пад зямлю. Цяпер яна салёнай вяртаецца назад, і паўмільённая Горлаўка можа стаць першай ахвярай працэсу зьнішчэньня вугальнага рэгіёну.

«Жоўты хлопчык»

Як будуць адбывацца і ўжо адбываюцца тэхнагенныя катастрофы на Данбасе, ужо цяпер можна пабачыць на прыкладзе гарадка Залатое ў Луганскай вобласьці. У гэтых месцах працавала шахтаўправа «Першамайсквугаль», шэсьць руднікоў якога вайна падзяліла напалову: тры шахты апынуліся ў «ЛНР», тры засталіся на кантраляванай Украінай тэрыторыі. Меркавана (цалкам упэўнена пра гэта ніхто сказаць ня можа) тры шахты на непадкантрольнай тэрыторыі ўжо затопленыя. Непасрэдна ў мястэчку Залатое 17 тысяч жыхароў і два горадаўтваральныя прадпрыемствы — шахты «Карбон» і «Залатое». Апошняя — самая глыбокая, ключавая для гэтых месцаў. Калі яе залье вадой, астатнія прадпрыемствы ў працоўным стане ўтрымаць не ўдасца.

Увесну раптам помпы шахты «Залатое» перасталі спраўляцца — адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што дадатковая вада пайшла з таго боку лініі судакрананьня. Або з шэрай зоны — суседняя шахта «Радзіма» за крайнімі пазыцыямі ўкраінскай арміі, але перад крайнімі пазыцыямі ўзброеных фармаваньняў ЛНР. Адпаведна, у сувязі з вайной ніякіх работ там адбывацца не можа, яе залівае вадой.

Шахта "Залатое"

Катастрофа здарылася 2 траўня 2018 году, калі прыток вады ў шахту «Залатое» дасягнуў хуткасьці 2000 м3 у гадзіну. Гэта аказалася непадʼёмным грузам для помпаў шахты «Залатое», яе стала заліваць. Стабілізаваць узровень вады ўдалося толькі 4 ліпеня, калі шахтавыя воды спынілі на адзнацы мінус 700 мэтраў. Здабываць вугаль на шахце «Залатое» немагчыма. Калі ўзровень вады ўзьнімецца вышэй і залье ўвесь ствол, засоленыя, забруджаныя шахтавыя вады трапяць у ваданосныя пласты і непазьбежна ў водазабор Папасьнянскага водаканалу. А ён сілкуе у тым ліку і Луганск, цяперашнюю сталіцу самаабвешчанай ЛНР.

Тое, што льецца з шахты «Залатое», тут жартам называюць «пякельнай вадзіцай»: вугаль Данбасу славіцца падвышаным утрыманьнем серы, вада з «Залатога» утрымлівае падвышаную колькасьць медзі, жалеза і, вядома, серных злучэньняў, што, па ідэі, і радніць яе з пеклам. У сьвеце ж менавіта такую ваду завуць па-іншаму, яна аранжавая па колеры праз выпадзеньне «жоўтага хлопчыка», злучэньня жалеза фэрыгідрыту.

Сытуацыя патавая. Калі даць заліць «Залатое», то непазьбежна запоўняцца вадой і закрыюцца наступныя за ёй шахты «Карбон» і «Горская», у горадзе і пасёлках побач для людзей зусім не стане работы, мінэралізаваная вада зойдзе ўверх на ваданосныя гарызонты, і праблемы з пітной вадой пачнуцца (калі ўжо не пачаліся) у паўмільёна чалавек вакол.

Цяпер распрацоўваецца праект узмацненьня адпампоўкі вады, урад Украіны выдзеліў 131 мільёнаў грыўняў на помпы, паводле падлікаў мясцовых інжынэраў, калі пампаваць 2000 м3 у гадзіну, то можна за месяцы работы паспрабаваць асушыць выпрацоўкі і вярнуць да жыцьця шахту «Залатое», а палове гарадка Залатое вярнуць працу. Цяпер, як кажа кіраўнік вайскова-цывільнай адміністрацыі гарадка Залатое Канстанцін Ільчанка, праз двоеўладзьдзе на вугальным дзяржаўным прадпрыемстве замарожаныя нават тыя самыя выдзеленыя ўрадам сродкі на адпампоўку вады нямецкімі помпамі.

Калі шахту ўсё ж будуць ратаваць, то ў Северскі Данец і ў Дон ў такім выпадку паплыве ўжо 48 тысячаў тон аранжавай вады ў суткі, колькі з гэтага абʼёму — уклад залітых шахт з «акупаваных тэрыторый», ня так ужо і важна. Вадой з Северскага Данца ў Растоўскай вобласьці РФ яшчэ і паліваюць палі. А Дон упадае ў Азоўскае мора. А радыяактыўныя элемэнты і сьляды ртутных злучэньняў у Северскім Данцы зьявяцца праз паўтара года.