Акторкі «Свабоднага тэатру» раніцай 19 літапада прыйшлі да будынка Міністэрства ўнутраных спраў, дзе стаіць скульптура гарадавога з сабакам, каб выказаць пратэст яе «асабліваму статусу».
А 10-й раніцы ля скульптуры зьявіліся чатыры дзяўчыны, пачалі яе цалаваць, абдымаць, каб «сагрэць».
Практычна адразу з Музэя міліцыі выйшлі два міліцыянты, не назваліся, але папярэдзілі, што нельга так рабіць. Неўзабаве кампанію ім склаў трэці — малодшы сяржант Ягор Цырульнікаў. Ён, наадварот, сказаў, што хай «цалуюцца і абдымаюцца», абы не было «вандалізму».
У адказ на пытаньне дзяўчат прызнаўся, што ня ведае артыкулу, паводле якога нельга «даваць аплявухі» гарадзкой скульптуры, якая не ўяўляе архітэктурнай ці гістарычнай каштоўнасьці.
Гэтым разам абышлося без затрыманьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя апублікавала ВІДЭА выбачэньняў хлопца перад помнікам царскаму гарадавомуДнямі міліцыянты прымусілі 17-гадовага ліцэіста Арсенія прасіць прабачэньня на камэру перад помнікам за аплявуху і разьмясьцілі відэа ў інтэрнэце. На маладога чалавека склалі пратакол паводле арт. 17.1 КаАП «Хуліганства».
Пасьля гэтага на Petitions.by пачаўся збор подпісаў за знос менскага помніка гарадавому, а ў сацсетках разгарнуўся флэшмоб, у якім беларусы просяць прабачэньня ў помнікаў. Шмат прабачэньняў публікуюць пад хэштэгамі #памятникпрости, #помнікпрабач.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За знос менскага помніка царскаму гарадавому пачалі збор подпісаўУ мінулыя выходныя міліцыя затрымала менчука Зьмітра Завадзкага, які павязаў шалік на помнік і хацеў сфатаграфавацца. Міліцыянты забралі ў яго пашпарт, завялі ў аддзяленьне, перапісалі зьвесткі і правялі тлумачальную гутарку, што скульптура зьяўляецца «тварам МУС».
Гісторыя пратэстаў супраць помніка царскаму гарадавому цягнецца ад сакавіка 2016 году. За «зьнявагу» аштрафавана ўжо некалькі чалавек, а анархіста Вячку Касінерава нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс «зь пятлёй на шыі», але абышлося штрафам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля відэа МУС беларусы пачалі прасіць прабачэньня ў помнікаў. ФОТА