Прэзыдэнт Азэрбайджану ў Менску. Чым падобныя і чым розныя Лукашэнка і Аліеў?

Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў

19 лістапада Аляксандар Лукашэнка правядзе перамовы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым, які наведвае Беларусь з афіцыйным візытам.

Паведамляецца, што асноўная ўвага будзе ўдзеленая гандлёва-эканамічнаму і інвэстыцыйнаму супрацоўніцтву, рэалізацыі сумесных праектаў у транспартна-лягістычнай сфэры, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіях, турызьме.

Пра тое, чым падобныя і чым розныя лідэры дзьвюх дзяржаваў, — у матэрыяле Свабоды. (арыгінал публікацыі тут)

«Элегантныя» перамогі

Паводле афіцыйных вынікаў і Аляксандар Лукашэнка, і Ільхам Аліеў штораз трыюмфальна перамагалі на прэзыдэнцкіх выбарах. Толькі на першых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі Лукашэнка перамог у другім туры, Аліеў перамагаў на ўсіх выбарах у першым туры.

Вынікі Лукашэнкі: 1994 — 80,1%, 2001 — 75,6%, 2006 — 83%, 2010 — 79,6%, 2015 — 83,4%.

Вынікі Аліева: 2003 — 79,4%, 2008 — 88%, 2013 — 84,6%.

​«Зорны» хлопчык

Ільхам Аліеў нарадзіўся ў Баку ў 1961 годзе ў сям’і начальніка контравыведнага аддзелу КГБ Азэрбайджанскай ССР Гейдара Аліева і навуковай супрацоўніцы Інстытуту афтальмалёгіі Зарыфы Аліевай. Ягоны бацька ў 1969 годзе стаў кіраўніком кампартыі Азэрбайджану, з 1976 года — кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС, з 1982-га — член Палітбюро.

Аліеў скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў (МГИМО), асьпірантуру інстытуту, абараніў кандыдацкую дысэртацыю па гісторыі, выкладаў у МГИМО.

Гейдар Аліеў з сынам Ільхамам і яго жонкай Мехрыбан, 1983

​Толькі бізнэс, нічога асабістага

Пасьля выкладчыцкай працы ў Маскве ў першыя гады незалежнасьці Азэрбайджану Ільхам Аліеў заняўся прыватным бізнэсам, узначаліў фірму «Арыент», у 1992 годзе пераехаў у Турэччыну, дзе ў асноўным і дзейнічаў «Арыент». Вярнуўся ў Азэрбайджан пасьля таго, як ягоны бацька Гейдар Аліеў стаў прэзыдэнтам краіны.

Чыноўнік і палітык

У 1994–2003 гадах Ільхам Аліеў — віцэ-прэзыдэнт, затым першы віцэ-прэзыдэнт «SOCAR» (Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азэрбайджанскай Рэспублікі).

У 1995 і 2000 гадах абіраўся дэпутатам парлямэнту.

У 1997 годзе стаў прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Азэрбайджану.

У 1999 годзе на першым зьездзе партыі «Новы Азэрбайджан» Ільхам Аліеў быў абраны адным зь пяці намесьнікаў старшыні партыі, у 2001 годзе на II зьездзе партыі — першым намесьнікам старшыні, у 2005 годзе, пасьля абраньня прэзыдэнтам, быў абраны старшынём партыі.

У жніўні 2003 году на прапанову старшыні парлямэнту быў прызначаны прэмʼер-міністрам.

Улада ў спадчыну

У ліпені 2003 году дзейны прэзыдэнт Азэрбайджану Гейдар Аліеў, які знаходзіўся на лячэньні, і Ільхам Аліеў сталі кандыдатамі на пост прэзыдэнта краіны. Напачатку кастрычніка 2003 году ў дзяржаўным тэлебачаньні быў зачытаны зварот Гейдара Аліева да народу, у якім ён заявіў, што здымае сваю кандыдатуру на карысьць сына.

Варта адзначыць, што перадача ўлады ад бацькі сыну пакуль адбылася ў краінах Цэнтральнай Азіі толькі ў Азэрбайджане, у Туркмэністане і Ўзбэкістане ўладу пасьля сьмерці лідэраў атрымалі ня іхныя сваякі, у Кіргізстане ўлада мянялася праз рэвалюцыі ці шляхам адносна свабодных выбараў, у Таджыкістане і Казахстане зьмена ўлада пакуль не адбылася.

Юрый Андропаў і Гейдар Аліеў, 1983

​Бакінская Плошча 2003

15 кастрычніка 2003 году на прэзыдэнцкіх выбарах атрымаў перамогу Ільхам Іліеў. Паводле міжнародных назіральнікаў, падчас выбараў былі зафіксаваныя шматлікія парушэньні. Апазыцыя не прызнала вынікі выбараў, і на наступны дзень некалькі тысячаў прыхільнікаў апазыцыйнага кандыдата Ісы Гамбара зладзілі шэсьце і мітынг пратэсту ў цэнтры Баку. Для разгону дэманстрацыі паліцыя ўжыла вадамёты, сьлезацечны газ і сабакаў. У выніку некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі цяжкія раненьні, больш за 50 чалавек былі шпіталізаваныя. Улады Азэрбайджану абвінавацілі апазыцыю ў спробе дзяржаўнага перавароту.

Беларускі канстытуцыйны досьвед для Азэрбайджану —​ права кіраваць вечна

У 2009 годзе ў Азэрбайджане быў праведзены рэфэрэндум, які ўхваліў папраўкі да Канстытуцыі, паводле адной зь якіх адзін і той жа чалавек можа абірацца прэзыдэнтам краіны больш за два разы. Такі ж рэфэрэндум у Беларусі адбыўся ў 2004 годзе.

Азэрбайджанскі досьвед для Беларусі?

Канстытуцыйны рэфэрэндум у Азэрбайджане праходзіў у верасьні 2016 году. Усе 29 прапанаваных паправак былі ўхваленыя з узроўнем падтрымкі 90-95%.

Сярод паправак было ўвядзеньне пасадаў віцэ-прэзыдэнта, павелічэньне прэзыдэнцкага тэрміну з 5 да 7 гадоў, скасаваньне ўзроставага цэнзу для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.

У 2017 годзе віцэ-прэзыдэнтам Азэрбайджану стала жонка дзейнага прэзыдэнта Мехрыбан Аліева.

Справа Лапшына

У сьнежні 2016 году ў Менску быў затрыманы вядомы блогер Аляксандар Лапшын. Улады Беларусі заявілі, што затрымалі Лапшына на запыт Інтэрполу, зроблены Азэрбайджанам. Раней улады гэтай краіны завялі на Лапшына крымінальную справу і абвясьцілі яго ў міжнародны вышук пасьля таго, як блогер бязь іхнага дазволу наведаў Нагорны Карабах — тэрыторыю пад кантролем мясцовых армянскіх уладаў, якую Азэрбайджан лічыць сваёй.

Аляксандар Лапшын, дэпартаваны з Беларусі, люты 2017, Азэрбайджан

Аляксандар Лапшын марна спрабаваў аспрэчыць рашэньне Генпракуратуры Беларусі аб ягонай выдачы Азэрбайджану і ў лютым быў экстрадаваны зь Менску ў Баку. Пры гэтым улады Беларусі праігнаравалі просьбу МЗС Ізраілю аб нявыдачы блогера Азэрбайджану. Пазьней Лапшын расказваў, што ў азэрбайджанскай турме яму пагражалі сьмерцю.

Толькі 12 жніўня Аляксандар Лапшын быў памілаваны прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым і вярнуўся ў Ізраіль.

Сямʼя

У 1983 Ільхам Аліеў ажаніўся зь Мехрыбан Пашаевай (у шлюбе – Аліевай). Аліевы маюць дзьвюх дачок Лейлу і Арзу і сына Гейдара (названага ў гонар дзеда). Гейдару-малодшаму зараз 21 год, ён пакуль нежанаты.
Дочкі Аліева замужам, ён мае чатырох внукаў.

У Аляксандра Лукашэнкі тры сыны, Віктар, Дзьмітры і Мікалай, і сем унукаў і ўнучак.

Мехрыбан і Ільхам Аліевы

​«Няма Бога, акрамя Алага»

Ільхам Аліеў тройчы рабіў хадж —​ рытуальную вандроўку ў Мэкку, сьвяты горад мусульманаў. Першы хадж рабіў з бацькам-прэзыдэнтам, яшчэ два —​ знаходзячыся на пасадзе прэзыдэнта.

Паліглёт

Ільхам Аліеў валодае азэрбайджанскай, расейскай, ангельскай, францускай і турэцкай мовамі.

Палітвязьні

Паводле зьвестак азэрбайджанскага Цэнтру абароны палітвязьняў, у студзені 2018 году ў краіне налічваўся 161 палітвязень. Найбольшую групу складаюць «рэлігійнікі», актывісты руху «Мусульманскае адзінства» —​ 103 чалавекі.

Карупцыя

У 2012 годзе міжнародны «Цэнтар дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці» (OCCRP) назваў Ільхама Аліева карупцыянэрам году. Паводле дасьледчнікаў і журналістаў, сямʼя Аліевых мае долі ў шматлікіх банках, будаўнічых і тэлекамунікацыйных кампаніях, золатаздабыўным ды іншым бізнэсе.

Расьсьледаваньне азэрбайджанскай журналісткі Хадзіджы Ісмаілавай, карэспандэнткі Радыё Свабода, паказала, што сямʼя Аліевых праз ланцужок кампаніяў кіруе актывамі на суму 3 мільярды даляраў ЗША ў найбуйнейшых азэрбайджанскіх банках. Ісмаілава патрапіла за краты за свае выкрывальныя рэпартажы.

Азэрбайджанскія ўлады адхіляюць абвінавачваньні ў карупцыі на адрас прэзыдэнта і яго сямʼі.

Ільхам Аліеў у цытатах

Лічу, што ў сьвеце немагчыма знайсьці дзьве настолькі блізкія адна адной краіны, як Турэччына і Азэрбайджан.

Нагорны Карабах —​ гэта спрадвечная, гістарычная азэрбайджанская зямля. Так было заўсёды, так ёсьць і сёньня. Проста ён часова знаходзіцца пад акупацыяй. Аднак гэтая акупацыя ня можа працягвацца доўга. Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што тэрытарыяльная цэласьць Азэрбайджану будзе адноўленая любым шляхам.

Мы ўвесь час павінны быць гатовыя вызваліць сваімі сіламі нашыя акупаваныя землі.

У Эўропе патрэба ў прыродным газе будзе ўзрастаць, а Азэрбайджан ёсьць адзінай для Эўропы новай энэргетычнай крыніцай.

Атаясамленьне ісламу з тэрорам —​ памылковы і перадузяты падыход. Больш за ўсё ад тэрору пакутуюць менавіта мусульманскія краіны.

Некаторыя кажуць, што каб спадабацца каму-небудзь ці абгрунтаваць донарскія грошы, мы павінны інтэгравацца ў Эўропу. У якую Эўропу мы павінны інтэгравацца? Сёньняшняя Эўропа ў нас перад вачыма. Яны самі прызнаюць, найвышэйшыя кіраўнікі ЭЗ прызнаюць, што сёньня эўрапейская прастора перажывае глыбокі крызіс. Мы павінны інтэгравацца туды, інтэгравацца ў крызіс? Павінны інтэгравацца туды, дзе кажуць «стоп мусульманам»?

Фашызм ізноў падымае галаву ў Эўропе. Бо фашызм як зло паўстаў не ў мусульманскім сьвеце. Нам добра вядома, дзе ён паўстаў. Ізноў дзеляць людзей на катэгорыі, нацыі, рэлігіі? Таму ісламафобія —​ гэта вельмі вялікая пагроза. Гэта пагроза для нас, бо мы —​ мусульмане. Гэта пагроза і для іх.

Ленін пакінуў велізарны сьлед у гісторыі чалавецтва. Памяць пра яго жыве ў сэрцах мільёнаў людзей на плянэце.

Лукашэнка пра Аліева, лістапад 2015 году

Мы памятаем, калі ў цяжкі час вы падставілі нам плячо, не аглядаючыся прытым. І калі-небудзь можна будзе ў нюансах гэта ўсё распавесьці, як можна вырашаць пытаньні па-сяброўску на працягу некалькіх дзён, у тым ліку і зь вялікімі фінансамі. Мы заўсёды былі абавязковымі людзьмі. Вы ў гэтым яшчэ раз пераканаліся. Але тым ня менш я вам вельмі ўдзячны за падтрымку і дапамогу, асабліва ў цяжкія часы.

(У чэрвені 2010 году «Газпром» пачаў абмяжоўваць даставы газу ў Беларусь, патрабуючы аплаціць запазычанасьць. У кіраўніцтве «Газпрому», расейскага газавага манапаліста, заяўлялі, што Беларусь вінаватая каля 190 млн даляраў, бо плаціла за газ менш, чым устаноўлена ў кантракце. На працягу некалькіх дзён Беларусь пагасіла запазычанасьць. Аляксандар Лукашэнка сказаў, што зьвярнуўся да сяброў па дапамогу і яны пазычылі грошы. Пазьней ён удакладніў, што ішлося пра Аліева).