Расейскія хакеры рассылалі заражаныя кампутарнымі вірусамі электронныя лісты ад імя супрацоўнікаў Дзярждэпартамэнту ЗША. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы. Атака была накіраваная супраць урадавых установаў і бізнэс-структураў.
У лістах утрымліваліся укладзеныя файлы нібыта, ад афіцыйнага прадстаўніка ведамства Хізэр Ноерт. Пры адкрыцьці файлаў загружаецца шкодная праграма, якая забясьпечвае хакерам доступ да кампутара.
Экспэрты лічаць, што за атакай стаяла групоўка APT29. Яе зьвязваюць з расейскай вайсковай выведкай.
Суразмоўца Reuters удакладніў, што акрамя Дзярждэпартамэнту ад атакі пацярпелі вайсковыя агенцтвы, падрадчыкі Мінабароны ЗША, мэдыйныя і фармацэўтычныя кампаніі.
У Дзярждэпартамэнце заявілі, што ведаюць пра гэтыя факты і адзначылі, што кампутарная сетка ведамства не пацярпела.
Пасольства Расеі ў Вашынгтоне не адказала на запыт Reuters з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю. Раней Масква заўсёды адпрэчвала абвінавачваньні аб дачыненьні да хакерскіх нападаў супраць ЗША.