У горадзе Горкі на Магілёўшчыне жыве 34 тысяч чалавек, а ў мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі навучаецца каля 10 тысяч студэнтаў. Плюс 2 тысячы магістрантаў, асьпірантаў і тых, хто атрымлівае другую адукацыю. Напярэдадні Дня студэнта Свабода наведала самы студэнцкі горад Беларусі.
- Гэта самая старая дзеючая найвышэйшая навучальная ўстанова Беларусі. Яна адкрылася ў 1840 годзе
- Праз удзел студэнтаў у паўстаньні Каліноўскага, земляробчы інстытут быў зачынены з 1864 па 1919 год
- Кожны трэці старшыня райвыканкама вучыўся ў Горках
- У Горках самая высокая шчыльнасьць студэнтаў сярод усіх гарадоў Беларусі
- Мясцовы кампус нагадвае клясычны эўрапейскі і амэрыканскі
- Акадэмія — самы буйны працадаўца ў горадзе
У 1840 годзе ў маёнтку Горы-Горкі адкрылі земляробчую школу. У 1848 годзе навучальную ўстанову зрабілі інстытутам — першай сельскагаспадарчай ВНУ ў Расейскай імпэрыі. З інстытутам, а пазьней Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй зьвязана ўся сучасная гісторыя Горак.
Самыя старыя будынкі, якія захаваліся ў Горках, — гэта першыя карпусы земляробчай школы. З абодвух бакоў ад вучэбнага корпуса №4 стаяць былыя флігелі сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. На тэрыторыі акадэмічнага гарадка таксама захаваліся дом настаўнікаў пачатку ХХ стагодзьдзя і даваенны інтэрнат.
Студэнцкая «ахова».
«Ад пачатку была навучальная ўстанова, а ўжо потым — горад», — распавяла Тацьцяна Лосева, дырэктарка музэя сельгасакадэміі.
Магіла забітага студэнта Войцэха Дамарацкага на ўваходзе ў дэндрапарк. Ён быў у ліку 66 студэнтаў і выкладчыкаў Горыгорацкага інстытута, якія падтрымалі паўстаньне Каліноўскага. У 1864 годзе інстытут зачынілі і перавялі ў Санкт-Пецярбург.
Батанічны сад і дэндрапарк заклалі ў 1847 годзе. Архітэктарам быў італьянец Анжэла Кампіёні.
Больш за паўстагодзьдзя ў інстытуцкіх карпусах разьмяшчаліся сярэднія навучальныя ўстановы. Толькі ў 1919 годзе ў Горках аднавілі ВНУ і адкрылі тут Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.
Студэнцкі гарадок займае 54 гектары. Студэнты тут і жывуць, і вучацца. Гэта паўнавартасны кампус, як у клясычных эўрапейскіх і амэрыканскіх унівэрсытэтах.
Узьбярэжная ўздоўж штучных сажалак, дэндрапарк, вялікі палац культуры, амфітэатар — усё гэта месьціцца на тэрыторыі кампуса.
У адміністрацыі акадэміі падкрэсьліваюць, што месцаў у інтэрнаце хапае ўсім студэнтам.
Горацкія армрэсьлеры і армрэсьлеркі — адныя з наймацнейшых сярод беларускіх студэнтаў. Іхнія заняткі праходзяць у трэнажорнай залі пры інтэрнаце.
У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі навучаецца каля 12 тысяч слухачоў. Сярод іх — каля 5 тысяч студэнтаў вочнай формы, і столькі ж — завочнай. Рэшта — гэта магістранты, асьпіранты, тыя хто павышаюць кваліфікацыю і атрымліваюць другую адукацыю.
Акадэмія — гэта, так бы мовіць, «горадаўтваральнае прадпрыемства» і самы вялікі працадаўца горада. Тут працуюць 1600 чалавек. Разам са студэнтамі-вочнікамі, якія зарэгістраваныя ў Горках, сельгасакадэмія складае вялікую частку ад насельніцтва горада.
«Кожны шосты жыхар Горак мае дачыненьне да акадэміі», — кажа Максім Патапенка, прарэктар па выхаваўчай працы.
Яблыкі ў студэнцкай сталовай і буфэтах — бясплатныя. Яны вырашчаныя ў садах акадэміі. У навучальнай установе ёсьць 250 гектараў вопытных палёў, дзе студэнты праводзяць дасьледаваньні і адпрацоўваюць новыя тэхналёгіі.
Вучыцца ў Горкі прыяжджаюць замежныя студэнты.
Большасьць бараў і кавярняў у Горках разьмешчаныя «на Акадэміі» — раёне вакол студэнцкага гарадка.
«У горад выбіраюся раз на тыдзень, — кажа студэнтка Аляксандра, якая працуе барыстай у кавярні каля студэнцкага гарадка. — У вялікую краму ці на рынак па спэцыі. А так тут усё ёсьць».