Памёр савецкі дысыдэнт і навуковец, крытык «лысенкаўшчыны»

Жарэс Мядзьведзеў у Празе, 2006 год

Савецкі дысыдэнт і навуковец Жарэс Мядзьведзеў памёр у Лёндане на 94-м годзе жыцця. Пра гэта паведамляе расейскае выданьне «Новые известия» са спасылкай на пісьменьніка Сямёна Рэзьніка. Сьмерць навукоўца пацьвердзіла агенцтва «Новости».

Жарэс Мядзьведзеў быў адным з найбольш прыкметных крытыкаў акадэміка Трафіма Лысенкі, прэзыдэнта Ўсесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук (з 1938 па 1956 год і ў 1961–1962 гадах), які адмаўляў асноўныя палажэньні генэтыкі.

Мядзьведзеў нарадзіўся ў 1925 годзе ў Тбілісі. У 1943 годзе быў прызваны ў савецкую армію, удзельнічаў у баях на Таманскім паўвостраве, быў цяжка паранены і ў тым жа годзе дэмабілізаваны па інваліднасьці. У 1950 годзе скончыў Маскоўскую сельскагаспадарчую акадэмію імя Ціміразева, у тым жа годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю па біялёгіі.

На пачатку 1950-х Мядзьведзеў быў звольнены з крымскага Нікіцкага батанічнага саду за адкрытую крытыку аграрных мэтадаў Лысенкі. Вярнуўся ў Маскву, дзе атрымаў месца на катэдры аграхіміі Ціміразеўскай акадэміі, але ў 1962 годзе быў звольнены і адтуль у сувязі з распаўсюдам у самвыдаце кнігі Мядзьведзева «Біялягічная навука і культ асобы», прысьвечанай Трафіму Лысенку. Быў вымушаны перайсьці на працу ў Інстытут мэдычнай радыялёгіі ў Обнінску. Хоць пасьля адстаўкі Хрушчова ў 1965 годзе Лысенка пазбавіўся ўсіх значных пастоў, у 1969 годзе Мядзьведзеў быў звольнены і з Інстытуту радыялёгіі — падставай паслужыў выхад у ЗША ягонай кнігі ў перакладзе на ангельскую мову — «The Rise and Fall of T. D. Lysenko».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэрыя выбары савецкага ўчора

У канцы 1960-х Жарэс Мядзьведзеў напісаў некалькі публіцыстычных твораў, якія крытыкавалі цэнзуру і абмежаваньні на свабоду перамяшчэньня савецкіх навукоўцаў. Разам з братам, вядомым гісторыкам і дысыдэнтам Роем Мядзьведзевым, рэдагаваў «самвыдатаўскі» часопіс «Палітычны дзёньнік». Па словах Роя Мядзьведзева, «Жарэс таксама лічыў сябе дысыдэнтам не па ўсіх пытаньнях, а толькі па праблемах свабоднага развіцьця навукі».

У 1970 годзе Жарэс Мядзьведзеў быў гвалтоўна зьмешчаны ў псыхіятрычную клініку, але праз тры тыдні вызвалены пасьля пратэстаў вядомых савецкіх навукоўцаў, у тым ліку Андрэя Сахарава і Пятра Капіцы, і пісьменьнікаў, у тым ліку Аляксандра Салжаніцына, Аляксандра Твардоўскага і іншых.

У 1973 годзе Мядзьведзеў разам зь сям’ёй выехаў у Лёндан на запрашэньне брытанскага Нацыянальнага інстытуту мэдычных дасьледаваньняў. Празь некалькі месяцаў навуковец быў пазбаўлены савецкага грамадзянства па абвінавачаньні ў антысавецкай дзейнасьці. Працаваў у Інстытуце мэдычных дасьледаваньняў да выхаду на пэнсію ў 1990 годзе.

Асноўнай сфэрай навуковых інтарэсаў Мядзьведзева была геранталёгія. Ён прапанаваў тэорыю старэньня як наступства назапашваньня памылак сынтэзу бялкоў і нуклеінавых кіслот.

У 1990 годзе кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў сваім указам вярнуў Жарэсу Мядзьведзеву савецкае грамадзянства, але навуковец застаўся жыць у Брытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі зацьвердзілі новы эталён кіляграма

У Вялікай Брытаніі Жарэс Мядзьведзеў працягваў займацца публіцыстыкай, у прыватнасьці, упершыню апублікаваў на ангельскай мове інфармацыю пра радыяцыйную катастрофу на камбінаце «Маяк» у 1957 годзе. У 2008 годзе апублікаваў у Расеі кнігу «Палёній у Лёндане», дзе, у прыватнасьці, выказаў здагадку, што Аляксандар Літвіненка мог быць атручаны на заказ «групы алігархаў», якіх ён шантажаваў.