Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч заявіў, што Расея не рабіла ніякіх прапановаў аб разьмяшчэньні ў Беларусі вайсковай базы з 2015 году, піша БелТА.
Міхаіл Бабіч удакладніў, што ніякіх такіх прапановаў не было «ні ў адкрытым рэжыме, ні ў закрытым», а размовы пра базу назваў «доўгім палітычным сэрыялам аб разьмяшчэньні нейкай вайсковай расейскай базы».
«Мы ня можам на кожны чых адкрываць па вайсковай базе. Ну ці мала хто там што сказаў?» — перадае БелаПАН словы Бабіча.
Ён заявіў, што «ў дыяпазоне 2012–2015 гадоў NATO вяло актыўную палітыку ў гэтай частцы, пачынаючы ад пашырэньня на ўсход і завяршаючы разьмяшчэньнем розных вайсковых аб'ектаў паблізу межаў «Саюзнай дзяржавы«». Тады, казаў Бабіч, «выпрацоўваліся розныя рашэньні па сымэтрычным адказе», але ў выніку рашэньні былі прынятыя «ў іншай канфігурацыі з улікам той дысьлякацыі ўжо дзейных расейскіх груповак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вілейцы зьявіцца расейскі радыёэлектронны комплекс «Самарканд». І гэта законнаЦяпер, мяркуе дыплямат, «Расея не разьдзяляе сябе зь Беларусьсю ў вайсковым пляне» і можа разам зь беларускімі войскамі «нанесьці непрымальную шкоду любому праціўніку ў любой сытуацыі».
Лукашэнка казаў, у адказ на «Форт Трамп» у Польшчы трэба будзе нешта разьмясьціць у Беларусі. Але не расейскую вайсковую базу
На мінулым тыдні Бабіч таксама прызнаў, што «ў сёньняшняй сытуацыі» базы непатрэбныя: маўляў, кіраўнік Беларусі «абсалютна мае рацыю».
Гэта, верагодна, было адказам на заяву Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з групай амэрыканскіх аналітыкаў.
«Мы гэтую базу не разьмяшчаем тут не таму, што мы хочам вам ці каму-небудзь паказаць, што мы сувэрэнныя і незалежныя. Мы яе не разьмяшчаем, таму што яна тут не патрэбная», — казаў Лукашэнка амэрыканцам.
Яшчэ раней Бабіч паабяцаў адказ Масквы ў выпадку нападу на Беларусь і папярэдзіў «тых, хто нешта задумвае». Хто задумвае, ён не ўдакладняў. Цяпер ён паўтарыў тую ж заяву — і зноў без удакладненьня.
Але за два дні да заявы пра «непатрэбнасьць» расейскай базы Лукашэнка казаў, што палякі разьмяшчэньнем амэрыканскай вайсковай базы (якую прэзыдэнт Польшчы прапанаваў назваць «Форт Трамп») змусяць і яго «нешта разьмяшчаць» разам з Расеяй, «каб вам процідзейнічаць».
Тэма расейскай вайсковай базы была адной з галоўных у акцыях пратэсту восені 2015 году.