Аднапартыйцы брытанскай прэм’ер-міністаркі Тэрэзы Мэй атрымалі дастатковую падтрымку, каб пачаць працэдуру адхіленьня яе ад улады, паведамляе Sky News са спасылкай на крыніцы. Суразмоўцы тэлеканалу заявілі, што правядзеньне галасаваньня ў бліжэйшы час «вельмі верагоднае».
Чальцы Кансэрватыўнай партыі накіравалі кіраўніцы ўраду лісты аб страце даверу. Публічна пра гэта заявілі 20 парлямэнтароў. Выданьне Brexit Central паведаміла ў пятніцу, што такіх лістоў — 48. Гэтага дастаткова для запуску галасаваньня ў пытаньні аб даверы.
Днём раней, у чацьвер, чатыры міністры брытанскага ўраду сышлі ў адстаўку — яны нязгодныя з праектам пагадненьня зь Эўразьвязам па Brexit. Дакумэнт ухваліў урад Вялікабрытаніі ў сераду, але з узгадненьнем пляну ў парлямэнце могуць узьнікнуць праблемы. Апазыцыйная партыя лейбарыстаў назвала дакумэнт правальным і заклікала яго адклікаць. Тэрэза Мэй у адказ заявіла, што выхад зь Эўразьвязу ня можа быць простым і камфортным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэрэза Мэй паабяцала, што другога рэфэрэндуму пра Brexit ня будзеПадрабязнасьці 500-старонкавага пляну, які выклікаў рознагалосьсі, пакуль невядомыя. Як паведамляе Бі-бі-сі, прыхільнікі жорсткага Brexit засталіся незадаволеныя дакумэнтам. Спрэчнымі аказаліся пытаньні ўзаемнага гандлю, міграцыі, а таксама межы паміж Паўночнай Ірляндыяй, якая ўваходзіць у Злучанае Каралеўства, і Рэспублікай Ірляндыяй — асобнай краінай, якая застанецца ў ЭЗ. Пагадненьне прадугледжвае, што Вялікабрытанія пакуль ня будзе пакідаць эўрапейскі мытны зьвяз і ў гандлі будзе прытрымлівацца правілаў, устаноўленых Бруселэм. Прыхільнікі Brexit ад пачатку выступалі супраць такога пляну.
Фінальны тэкст дагавора Вялікабрытаніі і ЭЗ будзе ўзгоднены на саміце 25 лістапада. Старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск паабяцаў зрабіць усё, каб «разьвітаньне з Брытаніяй прайшло бязбольна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кабінэт на мяжы адстаўкі: Брытанію раскалола фінальнае пагадненьне з ЭЗ пра BrexitУ 2016 годзе на рэфэрэндуме жыхары Вялікабрытаніі прагаласавалі за выхад з Эўрапейскага зьвязу. Прыхільнікі Brexit выступаюць за магчымасьць кантраляваць іміграцыю ў Злучанае Каралеўства і прымаць законы без аглядкі на ЭЗ. Перавага прыхільнікаў выхаду з ЭЗ над супернікамі была мінімальнай (51,9% галасоў супраць 48,1%). Вялікабрытанія павінна пакінуць ЭЗ 29 сакавіка 2019 году — з пагадненьнем аб новым рэжыме ўзаемаадносінаў з Эўразьвязам ці безь яго. Перамовы з ЭЗ аб сцэнары Brexit занялі больш за год. Неаднаразова паведамлялася аб тым, што яны зайшлі ў тупік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэй: Брытанія можа выйсьці з ЭЗ і без пагадненьня зь ім