Настаўніцу Алену з музычнай школы ў вёсцы Падлабеньне на Горадзеншчыне, якая праводзіла заняткі ў клясе без сьвятла, пасьля розгаласу ў СМІ пакінулі на працы.
Фота, дзе дзеці займаюцца нотным пісьмом пры ліхтарыках, трапілі ў сеціва 13 лістапада. Празь дзень стала вядома, што настаўніцу Алену, якая рабіла здымкі, выклікалі ў райвыканкам. У той жа дзень яна напісала заяву аб звальненьні. Дзень 15 лістапада мусіў стаць ейным апошнім працоўным днём у школе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я два дні на леках». Настаўніцу музычнай школы, дзе дзеці займаліся безь сьвятла, звольніліЯк сама настаўніца раней казала Свабодзе, кіраўніцтва школы дало ёй падпісаць блянк на звальненьне паводле пагадненьня бакоў.
Аднак у аддзеле культуры Горадзенскага райвыканкаму журналістам Tut.by паведамілі, што настаўніцу звальняць ніхто не зьбіраецца, маўляў, зь ёй толькі правялі гутарку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнікі кажуць, што не зьбіраюцца звальняць настаўніцу музычнай школы безь сьвятлаУжо 16 лістапада Алена паведаміла Свабодзе, што зноў знаходзіцца на працы.
«Тут электрыкі, праводзяць сьвятло. Я не магу шмат гаварыць. Зараз пад’едзе тэлевізія, будзе здымаць гэты кабінэт (дзе займаліся без сьвятла. — РС)», — сказала настаўніца.
Паводле яе, увечары 15 лістапада у школу прыехаў прадстаўнік аддзела культуры Горадзенскага райвыканкаму і сказаў, каб заўтра яна выходзіла на працу.
«Сёньня званілі з упраўленьня культуры аблвыканкаму. Сказалі: „Заяве (на звальненьне. — РС) ходу не дамо“», — працягвае жанчына.
Алена кажа, што ня бачыла, каб ейную заяву зьнішчылі, але і загад аб звальненьні не падпісвала. Паводле вуснай дамоўленасьці, выйшла на працу, як і раней, з той жа занятасьцю.
«Мне бы хоць да канца навучальнага году дапрацаваць. Бо пасярод году знайсьці працу нерэальна», — прызнаецца яна.