Дэвіз «Законнасьць, гонар, адвага» напісаны на знаку ў гонар супрацоўнікаў АМАПу, які сёньня быў урачыста адкрыты ў Віцебску.
Аўтарам кампазыцыі з выявай арла-беркута — сымбаля Атраду міліцыі асаблівага прызначэньня — стаў віцебскі скульптар Сяргей Сотнікаў.
Памятны знак зьявіўся напярэдадні 30-х угодкаў спэцпадразьдзяленьня міліцыі, якія будуць адзначацца 22 лістапада. Яго ўстанавілі на ўскраіне гораду — каля дома № 2 на Старабабінавіцкім тракце, дзе базуецца Віцебскі абласны АМАП.
Атрады АМАП (па-расейску ОМОН) былі заснаваныя ў канцы існаваньня СССР, калі пачалі адбывацца масавыя акцыі грамадзян. Менскі АМАП існуе зь лістапада 1988 году, у абласных цэнтрах тады былі заснаваныя роты і ўзводы АМАПу. З таго часу структура разраслася, у Менску дзейнічае полк міліцыі спэцыяльнага прызначэньня, а ў абласных цэнтрах — батальёны.
АМАП вядомы ўдзелам у разгоне апазыцыйных мітынгаў і дэманстрацый у Менску і абласных цэнтрах.
Камандзіры Менскага АМАПу і Ўнутраных войскаў МУС былі пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША за жорсткасьць падчас разгону акцыяў апазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя апублікавала ВІДЭА выбачэньняў хлопца перад помнікам царскаму гарадавому ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Помнік, даруй!