Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад ураду выпрацаваць дакладны плян пашырэньня выкарыстаньня электраэнэргіі. Загад прагучаў на нарадзе пра сыстэму кіраваньня беларускай энэргетыкай.
«Урадам павінен быць распрацаваны рэалістычны плян пашырэньня напрамкаў выкарыстаньня электраэнэргіі ў прамысловасьці, аграрнай сфэры, транспарце, IT-сэктары, ЖКГ ды іншых галінах. Патрабую ад адказных асобаў, не зацягваючы, прыступіць да яго вырашэньня. Магутнасьцяў для нарошчваньня электраспажываньня хапае, а неўзабаве будзе яшчэ больш», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Паводле Лукашэнкі, у Беларусі вельмі нізкі ўзровень спажываньня электрычнай энэргіі, у 2-3 разы меншы, чым у разьвітых краінах. А пасьля ўвядзеньня АЭС электраэнэргіі ў Беларусі стане яшчэ больш.
«Наперадзе эра чыстай энэргетыкі — вугаль, прыродны газ і нафта адыходзяць. Усе арыентуюцца не на дызэль і бэнзін, а на электрамабілі. Таму трэба ня проста разуменьне, а дакладны плян дзеяньняў, зыходзячы з балянсу вытворчасьці электраэнэргіі і спажываньня», — сказаў Лукашэнка.
Будуючы БелАЭС, беларускія ўлады разьлічвалі прадаваць лішкі электраэнэргіі ў Эўразьвяз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя не захацела энэргіі зь БелАЭС, хоць мае патрэбу ў нерасейскай крыніцы