Ім стаў прыметнік «таксычны».
Ва унівэрсытэце Оксфарду, дзе выдаецца слоўнік ангельскай мовы, вызначыліся са словам 2018 году. Ім стаў прыметнік toxic (таксычны). Аб гэтым паведамляецца на сайце слоўніка.
Паводле складальнікаў слоўніка, у 2018 годзе колькасьць праглядаў гэтага слова на oxforddictionaries.com вырасла на 45%, у параўнаньні з папярэднім. Акрамя таго на працягу году слова выкарыстоўвалі ў розных кантэкстах, як у літаральным, так і мэтафарычным сэнсе.
«Таксычнымі» сёлета называлі ня толькі хімікаты, рэчывы, газы, атмасфэру ці асяродзьдзе, але і маскуліннасьць, адносіны і культуру.
Рэдактары слоўніка лічаць, што збольшага росту папулярнасьці гэтага слова спрыялі атручэньне былога расейскага агента Сяргея Скрыпаля і інфармацыйныя кампаніі з нагоды забруджваньня навакольнага асяродзьдзя. Акрамя гэтага, сёлета шмат казалі пра сэксізм і сэксуальныя дамаганьні — шырока выкарыстоўваліся такія словазлучэньні як «таксычныя адносіны», «таксычная маскуліннасьць» і «таксычная культура».
Оксфардзкі слоўнік вызначае слова «таксычны», як «ядавіты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Оксфардзкі слоўнік выбраў слова году: youthquakeЛетась Оксфардзкі слоўнік назваў словам году «youthquake» — значныя культурныя, палітычныя ці сацыяльныя зьмены, выкліканыя дзеяньнямі або уплывам моладзі. Рэдакцыі іншых слоўнікаў ангельскай мовы летась выбралі іншыя словы 2017 году: Dictionary.com — «замяшаны» (comlicit) — саўдзельнік, той, хто пагаджаецца быць уцягнутым у незаконны ці сумнеўны чын, Collins — «фэйкавыя навіны», а Merriam-Webster — «фэмінізм».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае „Слова 2017 году“ — „дармаед“Радыё Свабода вызначае «Беларускае слова году» ад 2014-га. Летась ім стаў «дармаед». У 2016 — беларусафоб, у 2015 — наьэлістка, у 2014 — вышыванка, вышымайка.