Супрацоўнікі МУС вырашылі набыць гамакі для перавозкі службовых сабак. Усяго хочуць купіць 519 штук і патраціць на гэта 66 тысяч даляраў. Гэта вынікае з тэндэра, разьмешчанага на сайце дзяржзакупак. Свабода паглядзела, што яшчэ набываюць сілавыя ведамствы і колькі пры гэтым трацяць на вязьняў.
Абед вязьня — 1 даляр
На трохразовае харчаваньне вязьняў СІЗА КДБ у Брэсцкай вобласьці трацяць 12 тысяч даляраў за год (12,5 тысячы порцый). Гэта вынікае з тэндэра, разьмешчанага на сайце дзяржзакупак.
Атрымліваецца, адна порцыя каштуе адзін даляр. Тры гады таму ў тым жа СІЗА трацілі 0,6 даляра на вязьня.
Рамонт асфальту каля вайскова-мэдыцынскага ўпраўленьня КДБ абыходзіцца даражэй — амаль 16 тысяч даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узгадваючы турэмную баландуПеравоз сабачак — ня самае дарагое
Мадэрнізацыя сыстэмы супрацьпажарнай бясьпекі і сыстэмы эвакуацыі ў будынку паліклінікі МУС у Менску каштуе 214 тысяч даляраў. Гэта даражэй, чым набыць апарат МРТ у лякарню.
Адзін нагрудны значак «За службу» абыходзіцца дзяржаўнаму бюджэту ў 7 даляраў, а ўсяго такіх сёлета закупілі 1,5 тысячы.
Бягучы рамонт пад’язной дарогі да гадавальніка службовых сабак Дэпартамэнту аховы МУС каштуе 21 тысячу даляраў.
Суткі на Акрэсьціна — 12,25 рубля
Адны суткі вязьня ў ізалятары Акрэсьціна каштуюць 12,25 рубля, ці палову базавай велічыні. Але сюды ўваходзіць ня толькі харчаваньне, але і кошт паслуг транспарту, набыцьцё прадметаў забесьпячэньня і расходных матэрыялаў.
На вязьняў таксама выдаюцца грошы зь бюджэту, нават крыху больш, чым плоцяць зьняволеныя. За ўсю суму на чалавека за дзень за кратамі можна пераначаваць у гостэле і тры разы паесьці фастфуду або адзін раз у сталічнай рэстарацыі.