Мінздароўя супраць цыгарэтных кіёскаў: і так рэгулярна курыць кожны трэці беларус

29,6% жыхароў Беларусі, пачынаючы ад 16 гадоў, рэгулярна ўжываюць тытунь. Такую лічбу ў Міжнародны дзень адмовы ад курэньня назвала супрацоўніца Міністэрства аховы здароўя Беларусі Вікторыя Сьпяранская.

Паводле апошняга агульнанацыянальнага дасьледаваньня, у вёсцы кураць больш, чым у горадзе; мужчыны робяць гэта часьцей за жанчын; 9 з 10 кураць штодня. Сярэдні ўзрост, зь якога беларусы прызвычайваюцца да цыгарэты, 17,5 года.

Аднак, паводле экспэрта, можна заўважыць тэндэнцыю да зьніжэньня колькасьці курцоў у Беларусі. Калі ў 2001 годзе тытунь ужывалі 41,6% дарослага насельніцтва, то ў 2016-м — бязь нечага 30%. Да 2025 году стаіць задача зьменшыць гэты паказьнік да 24,5%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся фота цыгарэтных кіёскаў, сотні якіх паставяць у сталіцы. Менчукі зьбіраюць подпісы супраць

Вікторыя Сьпяранская адзначыла, што рыхтуецца новы прэзыдэнцкі дэкрэт, накіраваны на барацьбу з курэньнем.

«Спачатку меркавалася, што гэта будуць папраўкі да дзейнага дэкрэту № 28, аднак зьменаў прапануецца даволі шмат, таму вырашана падрыхтаваць новы дакумэнт. У прыватнасьці, будзе пашыраны сьпіс месцаў, дзе забаронена курэньне. Напрыклад, любыя дзіцячыя пляцоўкі, салёны аўтамабіля, калі там ёсьць дзеці да 14 гадоў, ды іншыя месцы».

Супрацоўніца Міністэрства аховы здароўя сказала, што яе ведамства адмоўна ставіцца да ідэі паставіць на тэрыторыі Беларусі 2500 спэцыялізаваных кіёскаў для продажу цыгарэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Курылкі» ў беларускіх установах адукацыі прапанавалі легалізаваць