17 лістапада гурт «Крама» запрашае на вялікі канцэрт. Ці існуе верагоднасьць, што ён можа стаць апошнім для аднаго з найстарэйшых і самых аўтарытэтных рок-гуртоў у гісторыі незалежнай Беларусі?
У менскім бары «Каёт» будзе прэзэнтаваны сынгл «Да неба» з аднайменнай песьняй на словы Міхала Анемпадыстава часоў «Бонды», студыйнай версіяй «Стэфка праз 30 гадоў» і новай тэмай «Не твая вайна».
Тым часам у інтэрвію Свабодзе гітарыст і заснавальнік «Крамы» Сяргей Трухановіч заявіў: для яго выхад на сцэну стане апошнім ў калектыве, якому аддаў больш за чвэрць стагодзьдзя. Музыка мае намер заняцца сольнай кар’ерай, пісаць інструмэнтальную музыку і засяродзіцца на новых праектах.
Фініта ля музыка
Сяргей зь ліку людзей, на якіх трымалася канструкцыя «Крамы», а да таго ідэйнага папярэдніка ў выглядзе «Рокіса».
Ад старых «магіканаў» ужо амаль нікога не засталося. Перабраўся ў Бэльгію ўдарнік Анатоль Горбач, разьвітаўся з калегамі і зьехаў у Кітай другі гітарыст, Ільля Шэўчык, адышоў ад камандных спраў і грае ў кавэр-бэндах бас-гітарыст Руслан Праўда. Гэта зь іхнай ініцыятывы ў 1991-м «Крама» «разбагацела» на фронтмэна і ад таго часу нязьменнага вакаліста Ігара Варашкевіча.
«Я спыняю дзейнасьць у развіцьці гурту, — канстатуе Сяргей Трухановіч. — Ня бачу сэнсу далей працаваць з Ігарам Варашкевічам, зь якім ужо няма творчых і чалавечых узаемаадносінаў. Мой першы сольны альбом мае назву „Пункт невяртаньня“, такая авіяцыйная тэрміналёгія. У ёй філязофскі падтэкст. Пэўна, з „Крамай“ я пераступіў тую музычную частку паветранага акіяну, пасьля якой вяртаньне немагчымае. Для сябе я зачыняю „Краму“. Трэба глядзець наперад. Туды, дзе шмат творчасьці і цікавых людзей, зь якімі, спадзяюся, мы зробім нямала файнай музыкі».
У гісторыі сусьветнай музыкі падобныя творчыя «разводы» ня ёсьць чымсьці экстраардынарным. Асабліва калі гаворка пра дзьвюх яскравых асобаў, якім робіцца цесна на адным алімпе. Тым ня менш музыкі запэўніваюць, што на наступным канцэрце ўнутраны канфлікт не адаб’ецца — заплянаваны на 17 лістапада выступ адбудзецца.
Адкрыцьцё «Крамы»
У 1989 годзе распаўся адзін зь першых беларускамоўных гуртоў «Бонда», дзе салістам быў Ігар Варашкевіч. Неўзабаве на руінах паўстаў шэраг новых праектаў — ад «Уліса» да The Little Blues Band.
Паралельна, наадварот, набіраў абароты «Рокіс», які ў тым ж 1989-м стварылі ўдзельнікі «Каменнага дажджу»: ідэйны натхняльнік, вакаліст Ігар Вайцяхоўскі, гітарысты Сяргей Трухановіч і Ільля Шэўчык, басіст Руслан Праўда і барабаншчык Анатоль Горбач.
«Рокіс» хутка стаў прафэсійнай камандай са сваёй уласнай праграмай. Адзін зь першых рок-гуртоў Беларусі, афіцыйна прызнаны і працаўладкаваны ў філярмонію. Была добрая апаратура і сьветлавое абсталяваньне, у штат уваходзілі гукаапэратар і асьвятляльнік, што лічылася прыкметай неверагоднай «круцізны». Апрача таго, калектыў меў гастрольныя туры па гарадах Беларусі.
Your browser doesn’t support HTML5
У канцы 1980-х музыкі пазнаёміліся з маладым і таленавітым тэкставіком Зьмітром Лукашуком, які пераканаў «Рокіс» сьпяваць па-беларуску. Пачаліся фэстывалі і перамогі ў гіт-парадах, на «Басовішчы-1991». Але нечакана ідылія скончылася.
«На жаль, у нас сапсаваліся адносіны з Ігарам Вайцяхоўскім, які ўрэшце сышоў, — згадвае Сяргей Трухановіч. — Пачаліся пошукі саліста. Сярод кандыдатаў быў Ігар Варашкевіч, хоць ня ўсе музыкі пагаджаліся. „Рокіс“ граў Glam Rock (спалучэньне хард-року і рок-н-ролу) з высокім і мілагучным вакалам. Варашкевіч не валодаў такімі здольнасьцямі, за год у нашую праграму так і не ўвайшоў. „Бонда“, дзе ён працаваў дагэтуль, грала New Wave, Post-punk, гэткі беларускі варыянт палякаў з Lady Pank. Што мы толькі не рабілі з „рокісаўскімі“ песьнямі, не атрымлівалася».
Your browser doesn’t support HTML5
У якасьці экспэрымэнту вырашылі пашырыць склад, далучыўся клявішнік Андрэй Лявончык — яшчэ адна візытоўка сёньняшняй «Крамы». Пачалі абкатваць новыя песьні спэцыяльна пад Ігара Варашкевіча. Зьявіліся першыя гіты: «Бяжы, хлопец», «Выпі са мной да дна», «Будзь разам з намі», «Хворы на Rock-n-Roll», «Чыкага найтс», «Чакай», «Карчма», «Доўгія ногі».
Але з улікам, што да стылістыкі «Рокіса» гэта ўжо ня мела ніякага дачыненьня, было прынята рашэньне зьмяніць шыльду. Так зьявілася «Крама», якая імгненна стала культавым гуртам. Дарэчы, хто менавіта прапанаваў назву, гісторыя маўчыць.
Пазалетась вялікім канцэртам у Менску музыкі адзначылі 25-гадовы юбілей.
Кульмінацыя посьпеху
«Стыль „Крамы“ — гэта сынтэз „Рокіса“ і „Бонды“, — мяркуе Сяргей Трухановіч. — Мы спалучылі Big Beat, Rock N Roll, Blues-Rock. Некаторыя рэчы потым былі пазычаныя з рэпэртуару „Бонды“, наноў пераробленыя — „Стэфка“, „Слуцкая брама“. А песьня „Гэй, там, налівай“ зьявілася дзякуючы Толю Горбачу. Нарэшце быў знойдзены фірмовы „крамаўскі“ стыль. Песьні Ігара Варашкевіча мы разам праслухоўвалі, адбіралі найлепшыя».
Пачатак 1990-х для «Крамы» стаў залатым часам. Перамога на «Басовішчы-1992» і фэстывалі «Пакаленьне-1994» у Маскве (Сяргей Трухановіч быў прызнаны найлепшым гітарыстам), трапляньне ў брытанскія чарты, што знайшло працяг у выданьні ў Лёндане дыску «Vodka On Ice». Шмат узнагарод на «Рок-каранацыі», шмат эўрапейскіх фэстываляў. Зьявіліся клопаты, якія вымагалі адміністрацыйных і мэнэджэрскіх функцый — іх на сябе ўзялі Ільля Шэўчык і Зьміцер Лукашук.
Але, як і ў выпадку з «Рокісам», не абышлося без дэжавю. Усё часьцей узьнікалі ўнутраныя спрэчкі, музыкі пачалі разьбягацца. Цякучка стала звыклай зьявай. У гэты час на шляху ўзьнікла выкладчыца Беларускага ўнівэрсытэту культуры Наста Гулак, якая разам са Зьмітром Лукашуком пачала пісаць тэксты для гурта, удыхнуўшы новае жыцьцё ў творчасьць.
«Сяргей прапанаваў: а напішы тэксты на музыку “Крамы”, — згадвае Наста. — Чаму не? Сярод рок-музыкаў пашырана думка, што жанчына на такое ня здольная. А я люблю разбураць стэрэатыпы. Да таго ж, кожны кваліфікаваны філёляг можа завершаваць радкі пад зададзеную матрыцу. Творчы і візуальны стыль „Крамы“ сьведчыў: сэнтымэнтальна-рамантычная рэфлексія і непадзеленае каханьне — ня тое. Вызначыла вэрбальны вобраз лірычнага героя: крыху самотны, трохі расчараваны і ў меру брутальны. Нешта атрымалася, песьні на мае словы ёсьць, і іх ведаюць».
Пасьля паўзы зьявіліся гіты «Падае дождж на зямлю», «Хавайся ў бульбу», «Лёс арла», «Мой фатэрлянд, аўфвідэрзэйн». Дыскаграфія папоўнілася альбомамі «Хавайся ў бульбу» (CD, 2001), «Усё жыцьцё — дзіўны сон» (CD, 2007), «Белая вада» (CD, 2014).
«У пачатку 2000-х справамі „Крамы“ даводзілася больш займацца мне, — кажа Сяргей Трухановіч. — Някепска атрымлівалася, але падкасіла сытуацыя з забаронай беларускамоўных гуртоў, якая расьцягнулася на 10 гадоў. Я заўсёды падтрымліваў Ігара ў творчым і маральным пляне. Гурт не распаўся, выступалі за мяжой: Польшча, Расея, Украіна, краіны Балтыі. Шанцавала на добрых людзей: Анатоль Ярмоленка („Сябры“), Мікалай Аруцюнаў („Ліга блюзу“), прадпрымальнікі Адам Палюховіч і Вячаслаў Бруёк — усіх не пералічыць. Удзячны Руслану, Ільлю, Анатолю — за музыку, якую разам стваралі».
Узаемная стома
Сяргей адносіць сябе да ліку людзей, апантаных музыкай. Як прыхільнік жанравых экспэрымэнтаў шмат працуе сэсійным гітарыстам. Аб’езьдзіў Эўропу з гуртом «Палац», гастраляваў па шасьці амэрыканскіх штатах зь Дзьмітрыем Даўкшам, запісаў тры ўласныя інструмэнтальныя альбомы ў розных стылях — блюз, рок, ф’южан. Чацьвёрты, акустычны, зьведзены ў ЗША, чакае неўзабаве прэзэнтацыі.
«Музычны сьвет ідзе наперад у пошуках цікавых ідэй, рытмаў, гармоній. Таму я ня згодны з канцэпцыяй Ігара Варашкевіча вяртацца ў архаічны постсавецкі блюз 1990-х, — тлумачыць Сяргей Трухановіч. — Мой адыход абумоўлены жаданьнем рухацца далей, а не сядзець і скардзіцца, як усё дрэнна.
Дзякуючы электрагітары ў ХХ стагодзьдзі пачалі разьвівацца ўсе напрамкі: блюз, джаз, рок-н-рол, панк, рок. Немагчыма ўявіць AC/DC без гітары Ангуса Янга, The Rolling Stones — без акордаў Кіта Рычардса, Pink Floyd бяз рыфаў Дэвіда Гілмара. „Крама“ — драйвовы гітарны гурт, песьні якога цяжка выканаць пад акустычную гітару».
Сяргей дадае, што адкрыты для музычных праектаў, супрацоўніцтва ў аранжыроўках ды іншых прапаноў. Пры гэтым застаецца выкладаць гітару і музычныя дысцыпліны ў Інстытуце сучасных ведаў імя А.М. Шырокава, дзе шмат гадоў ладзіў са студэнтамі фэсты-конкурсы гітарыстаў Virage Guitars.
Што сёньня кажуць айцы-заснавальнікі гурта
А што сталася падставай для сыходу з «Крамы» іншых музыкаў, якія закладалі яе аснову на самым пачатку існаваньня?
Гітарыст Ільля Шэўчык
Амаль паўтара дзясятка гадоў жыве і працуе ў Кітаі. Іграе з кітайскімі музыкамі ў клюбах і самастойна ў акустычным варыянце. Аб’ехаў з гастролямі ўсю краіну, браў удзел у папулярных тэлешоў. Мае ў рэпэртуары песьні на кітайскай і кантонскай мовах. Сёлета выдаў кітайскую вэрсію крамаўскага гіта «Выпі са мной да дна».
Сыход з „Крамы“ выкліканы жаданьнем рэалізоўваць свой патэнцыял і зарабляць творчасьцю на жыцьцё, — удакладняе ён.
«Я знаёмы з Ігарам Варашкевічам ад 1988 году, граў у беларускамоўным гурце RAY. Калі ў «Бонды» узьніклі праблемы са складам, нават прапаноўваў сваю кандыдатуру на месца другога гітарыста. Потым быў «Рокіс». На «Басовішчы-91», як паўстала патрэба ў зьмене вакаліста, я згадаў менавіта Ігара. Мяне падтрымаў Зьміцер Лукашук, астатнія не адразу. Потым была наша супольная паездка да яго ў Баранавічы. Такім чынам «Рокіс» стаў часовым пунктам для Варашкевіча паміж «Бондай» і "Крамай».
На думку Ільлі Шэўчыка, «Крама» пачала страчваць абароты пасьля таго, як праваліліся варыянты выхаду на замежныя рынкі: Вялікая Брытанія (1992), Расея (1994), Польшча (1995). Неўзабаве скончылася і спонсарская падтрымка. Нягледзячы на перамогі ў «Рок-каранацыях», паўстала праблема, як зарабляць на жыцьцё. Узьнікла неразьбярыха са складам. Пасьля 1996 году, лічыць ён, пачалося тармажэньне ў разьвіцьці.
Your browser doesn’t support HTML5
Ударнік Анатоль Горбач
Да «Рокісу» і «Крамы» працаваў у філярмоніі з гуртам «Праспэкт», адкуль быў звольнены за «перабор» хард-року. У 2000 годзе зьехаў зь Беларусі, жыве і працуе ў Бэльгіі. Там дае прыватныя ўрокі на барабанах, запісаў некалькі альбомаў з рознымі гуртамі, у тым ліку CD з сымфанічным аркестрам пры Антвэрпэнскай кансэрваторыі.
«Асабіста я хацеў іграць музыку іншага кірунку: да таго ў мяне было шмат праектаў, канцэртаў на вялікіх сцэнах, — гаворыць ён. -- Несумненна, „Крама“ — узорны канцэртны бэнд, на творчасьці якога вырасьлі два пакаленьні. Мы стварылі выдатны калектыў. Запісалі некалькі клясных альбомаў, розных стылем, але аднолькава магутных энэргетыкай. Нас зьвязвала ня толькі музыка, а і сяброўскія стасункі. На жаль, музыкі пачалі сыходзіць. У вялікіх калектывах гэта здараецца. Дарэчы, зь Сяргеем Трухановічам супрацоўнічаем дагэтуль — у яго альбоме „Шлях да мора“ запісаў чатыры трэкі на барабанах».
Бас-гітарыст Руслан Праўда
Музыка прызнаецца, што пасьля таго, як пакінуў «Краму», на душы моцна «скрэблі кошкі», на 7 гадоў музыку закінуў наогул. Цяпер іграе ў кавэр-бэндзе і ў адным трыб’юце, плюс яшчэ працуе сэсійным гітарыстам.
Прыгадвае, што аснова з аднадумцаў сфармавалася яшчэ да зьяўленьня Ігара Варашкевіча. Былі рытм-сэкцыя, гітарысты; аранжыроўкі рабілі разам, кожны рабіў свой унёсак. Памятае, як пачалі рабіць праграму адмыслова пад Варашкевіча, паступова справа зрушылася.
«Каб ня „Рокіс“, не было б і „Крамы“, — лічыць суразмоўца. — Гэта ж мы Ігара запрасілі. Але ніхто на сябе коўдру ня цягне: Варашкевіч сам сасьпеў для іншай музыкі, зь яго прыходам у калектыву зьявіўся твар. Чаму пачалі разьбягацца? Не было канцэртаў, клюбаў, дырэктара. Я тады ажаніўся, трэба было карміць сямʼю. Быў патрэбны мэнэджэр, каб прабіваў іншыя рынкі, — сьпявалі ж па-беларуску. „Крама“ магла добра зарабляць, мы былі на піку. Але ня склалася... Зрэшты, я і сёньня лічу „Краму“ адным зь вядучых калектываў краіны».
Аўтар тэкстаў Зьміцер Лукашук
Аўтар першых і, бадай, самых вядомых тэкстаў «Крамы» прызнае: сёньня ягоны ўдзел у жыцьці калектыву не такі актыўны. Да таго ж хапае журналісцкай занятасьці на «Эўрарадыё», вымагаюць часу сямейныя клопаты.
«У Ігара ёсьць „балванкі“, якія можна пакласьці на тэкст, але частка задумак не пасуе „крамаўскай“ стылістыцы. Ён хоча рэалізаваць іх асобным праектам, адпаведна, гэта не павінна мець нічога агульнага з „Крамай“. Але я сам ужо не магу „адасобіцца“ аж да такой ступені... Відавочна, што ў гурце за шмат гадоў паўсталі два лідэры — Ігар і Сяргей. Ну і ўзьніклі пэўныя „цёркі“. Першы, рытм-н-блюзавы ў душы чалавек, трымаецца пазыцыі, што ўся прыгажосьць — у прастаце. Другі, як гітарыст-віртуоз, хоча паказаць тэхнічныя здольнасьці. Адно за адно чапляецца, прыводзяць да канфлікту».
Your browser doesn’t support HTML5
Ці выжыве «Крама»?
Які лёс чакае адзін з самых яскравых музычных калектываў незалежнай Беларусі? Колькі яшчэ наканавана «Краме» радаваць сваіх прыхільнікаў?
«Думаю, прычыны такіх разладаў крыюцца ў творчасьці, — лічыць музычны крытык Зьміцер Падбярэскі. — Ігар Варашкевіч у нядаўнім інтэрвію наўпрост казаў: лідэр павінен быць адзін, прынамсі што тычыцца музычных калектываў. Але калі зірнуць на тое, што зрабіў Сяргей Трухановіч, гэта таксама значны кавалак працы: і сольныя альбомы, і сайд-праекты, і гітарныя фэсты, і супраца з замежнымі музыкамі».
Зьміцер Падбярэскі ня думае, што канфлікт паміж Ігарам Варашкевічам і Сяргеем Трухановічам прывядзе да таго, каб «зачыніць „Краму“ на навясны замок».
«Акурат той выпадак, у адносінах да якога падвяргаць аўтэнтычнасьць не выпадае. Нават калі Ігар Варашкевіч набярэ цалкам новы склад музыкаў, усё роўна гэта будзе «Крама», — лічыць музычны крытык.
«Крама». Дыскаграфія
Альбомы. «Хворы на рок-н-рол» (1993), «Vodka On Ice» (1994), «Гэй, там, налівай!» (1994), «Камэндант» (1995), «Лянівыя танцы» (1996), «Што дапаможа нам» (1998), «Хавайся ў бульбу» (2001), «Усё жыцьцё — дзіўны сон) (2007), «Белая вада» (2014).
Зборнікі. Наваполацкі канцэрт — Live-1996 (2004), «Будзь разам з намі» — The Best (2005)
Сынглы. Enjoy the Silence (2003)
Сумесныя праекты. «Песьнярок» (1997), «Вольныя танцы: слухай сваё» (1999), «Вольныя танцы: альтэрнатыва_by» (2001), «Сэрца Эўропы in rock» (2001), «Personal Depeche» (2002), «Генэралы айчыннага року» (2004), «Прэм’ер Тузін» (2005).
P.S. У наступнай публікацыі Свабода дасьць слова другому боку — фронтмэну і нязьменнаму вакалісту «Крамы» Ігару Варашкевічу.